БХД заклікае ўлады абмежаваць продаж алкаголю і забараніць яго рэкламу (відэа)

15 мая 2014 18:25  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская
дэмакратыя” лічыць, што ўлады павінны прымаць рэальныя меры, накіраваныя
на абмежаванне продажу алкагольнай прадукцыі і забарона яе рэкламы. Пра гэта
прадстаўнікі аргкамітэта заявілі 15 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

 

Як паведаміла актывістка БХД Вольга Кавалькова, арганізацыя
некалькі месяцаў таму накіроўвала ў дзяржаўныя органы лісты з прапановамі
абмежаваць продаж алкаголю і забараніць яго рэкламу. Аднак, па яе словах, у
адказ прыйшлі адпіскі, што прапановы будуць разгледжаны.

 

БХД прапануе уладам распачаць шэраг заканадаўчых мер, якія
дазволяць знізіць у краіне ўжыванне алкаголю, сказала яна. У прыватнасці для
павышэння эфектыўнасці работы цэнтраў і арганізацый, якія аказваюць бязвыплатную
дапамогу людзям з алкагольнай залежнасцю і іх сем’ям, неабходна выдзяляць на
ільготных умовах памяшканні для іх працы. БХД таксама прапануе дазволіць продаж
алкаголю толькі з 11 да 22 гадзін і цалкам забараніць рэкламу алкагольных,
слабаалкагольных напояў, піва, гандлёвых брэндаў і фірмаў, якія маюць дачыненне
да вырабу альбо рэалізацыі алкагольнай прадукцыі (так званыя парасонавыя брэнды ). Акрамя таго, у БХД
прапануюць дазволіць продаж алкагольных напояў толькі ў спецыяльных аддзелах крамаў, якія маюць асобны ўваход,
або ў спецыялізаваных крамах. Таксама прапануецца праводзіць спецыялізаваныя
прафілактычныя заняткі ў школах і іншых адукацыйных установах.

 

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў, што сярод краін
– суседзяў Беларусь знаходзіцца на апошнім месцы па заканадаўчым ўзроўню ў
галіне аховы здароўя і распаўсюджвання рэкламы алкагольнай прадукцыі і на
першым месцы – па ўжыванніалкаголю.

 

“У Беларусі ніхто не займаецца абаронай людзей ад
алкаголю, – адзначыў ён. – Нават калі такое пытанне і падымаецца на мясцовым
узроўні з боку некаторых дзяржслужачых, то тут яно зачыняецца мясцовымі чыноўнікамі з той пазіцыі, што алкагольныя
акцызы прыносяць вялікі даход у казну”.

 

На думку Рымашэўскага, праблема спажывання алкаголю ў краіне
комплексная, і сутнасць яе рашэння ў тым, каб абмежаваць “навязванне
заводамі алкагольнай прадукцыі, знітоўванне беларусаў” і даць магчымасць
грамадскім арганізацыям бясплатна аказваць дапамогу алказалежным людзям.

 

Болей навін