У Літве прайшла міжнародная канферэнцыя з удзелам БХД

05.08.2014, 11:36  |  Галоўныя навіны, Палітыка, Грамадства

У Літоўскай Рэспубліцы прайшла міжнародная канферэнцыя з удзелам аргкамітэта па стварэнні партыі ''Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя'' і Хрысціянскай Народнай Партыі Нарвегіі ''KRF''. Галоўная тэма канферэнцыі - адна з самых вострых і актуальных праблемаў Беларусі - алкагалізм і спайванне беларускага насельніцтва.

 

Падчас мерапрыемства беларускія палітыкі і грамадскія актывісты ад БХД азнаёміліся здосведам сваіх калегаў з Нарвегіі і Літвы ў барацьбе супраць алкагалізму.

 

Перад беларускімі калегамі выступілі нарвежскія палітыкі, якія коратка распавялі гісторыю сваёй барацьбы з алкагалізмам у Нарвегіі і Еўропе ў цэлым.

 

Нарвежскія палітыкі адзначылі той факт, што ў Беларусі вельмі распаўсюджаны продаж алкаголю ў тых месцах, дзе гэта ў Нарвегіі катэгарычна забаронена. У прыватнасці, на беларускіх аўтазапраўках бесперашкодна прадаюць алкагольныя напоі. Акрамя таго, было азначана, што ў Нарвегіі забаронены продаж алкагольных напояў у дзень выбараў. Нагадаем, у Беларусі ў дзень выбараў алкаголь прадаюць у дзень выбараў наўпрост на выбарчых участках.

 

Адзначым, што паводле апошніх дадзеных міжнародных арганізацый аховы здароўя, Беларусь з'яўляецца самай п'ючай нацыяй у свеце. У год, кожны беларус выпівае ў сярэднім больш за 17 літраў чыстага спірту. Для параўнання - у Нарвегіі, па словах прадстаўнікоў палітычных рухаў скандынаўскай дзяржавы, насельніцтва спажывае 9 літраў чыстага спірту ў год на чалавека. Аднак і гэты факт працягвае выклікаць занепакоенасць у палітыкаў Нарвегіі.

 

Між тым, у Беларусі падае нараджальнасць, расце колькасць захворванняў звязаных з ужываннем алкаголю, знішчаецца генафонд беларускай нацыі. Дадзеную праблему неабходна вырашаць неадкладна - адзначаюць у БХД.

Крыніца: Minskby.com

Навіны па тэме