Падчас жніва на Случчыне знялі абмежаванні па продажы алкаголю

07 жніўня 2014 13:41  |  Грамадства

З сярэдзіны ліпеня ў Слуцкім раёне былі знятыя абмежаванні па часе продажу
алкаголя. Цяпер набыць алкаголь магчыма фактычна круглыя суткі. Раней гэта
можна было зрабіць толькі ад 9.00 раніцы да 21.00. Звычайна падчас уборачнай
кампаніі продаж спіртных напояў абмяжоўваецца, а ў гэтым годзе наадварот абмежаванні
знялі адначасова з пачаткам жніва.

 

У ідэалагічным аддзеле Слуцкага райвыканкама як-небудзь пракаментаваць
сітуацыю адмовіліся. На пытанне: “Як адмена абмежаванняў па часе продажу
алкаголя суадносіцца з дзяржаўнай праграмай нацыянальных дзеянняў па
папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2011-2015?”адказ
намесніка кіраўніка Слуцкага райвыканакама па эканоміцы Алы Русак быў
наступным: “Што за пытанні могуць быць? Усё ўзгадняецца…”

 

На думку каардынатара БХД Мікалая Курыльчыка, Слуцкія ўлады працуюць не для
людзей, а супраць іх. “Працягваць спрыяць спажыванню алкаголя
ў Беларусі — проста здзек над людзьмі. А гандляваць па поўнай падчас жніва —
сапраўднае злачынства. Пакуль прыярытэтам застаецца камерцыйны прыбытак вузкага
кола бізнэсоўцаў і чынавенства, Беларусь будзе і далей губляць свой патэнцыял,
спайвацца і дэградаваць”, — адзначыў Мікалай Пятровіч.

 

Нагадаем, па дадзеных сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), Беларусь
займае першае месца ў свеце па спажыванні алкаголя на душу насельніцтва – 17, 5
літра чыстага алкаголя на чалавека штогод (у разлік бярэцца насельніцтва ва
ўзросце ад 15 год). Прытым, калі гэты паказчык перавышае 8 літраў на чалавека ў
год, кажуць аб дэградацыі насельніцтва. Свае даклады СААЗ рыхтуе паводле
афіцыйных дадзеных Міністэрства статыстыкі Беларусі.

 

Кампанія БХД ў абарону сям’і і дзяцей ад алкаголю праходзіць па ўсёй
краіне. Далучыцца да кампаніі можна, звязаўшыся з намі праз кантакты на сайце bchd.info.

Болей навін