У Баранавічах не знайшлося грошаў на беларускамоўны клас

07 жніўня 2014 14:14  |  Рада Народных Дэпутатаў

Актывістка аргкамітэту БХД Таццяна Малашчанка атрымала ліст з
гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у
якім паведамляецца, што ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія № 4 г.
Баранавічы”, куды залічана яе дачка Яся Малашчанка, мовай навучання зацверджана
руская.

 

– У гэтым годзе Яся скончыла адзіны ў горадзе чацвёрты
беларускамоўны клас СШ № 14,але ў сувязі са зменай месца жыхарства мы падалі
заяву на навучанне ў пяты клас гімназіі № 4 і здалі іспыты. Дырэктар гімназіі
Вадзім Шчарбакоў мяне адразу папярэдзіў, што гімназія цалкам рускамоўная,і Ясі
прыйдзецца вучыцца па-руску, таму што фінансавых магчымасцяў для адкрыцця
беларускамоўнага класа ў яго няма. Таму мы разам з бацькамі Алісы Філіпчык
(другой вучаніцы беларускамоўнага класа СШ № 14) звярнуліся ў гарвыканкам, каб
гарадскія чыноўнікі нам пасадзейнічалі ў фінансаванні беларускамоўнага
навучання, – паведаміла Таццяна Малашчанка.

 

Яна адзначыла, што ў лісце з гарвыканкама паведамляецца, што з 23
па 25 жніўня 2014 года з бацькамі вучняў 5-х класаў гімназіі № 4 будуць
праведзены сумоўі на прадмет выбару мовы навучання. Пры ўмове, што не менш за
24 вучні і іх законныя прадстаўнікі дадуць пісьмовую згоду на навучанне
прадметаў на беларускай мове, такі клас будзе адкрыты.

 

Таццяна Малашчанка сказала, што Яся не ўяўляе, як яна будзе
навучацца не па-беларуску, але яны добра разумеюць, як цяжка стварыць такі
беларускамоўны клас, калі ідзе працэс скасавання беларускамоўнай адукацыі па
ўсёй краіне.

Болей навін