Актывісты запланавалі 21 пікет за бязвізавы рух з Польшчай і Літвой

20.08.2014, 11:47  |  Галоўныя навіны, Рада Народных Дэпутатаў, Навіны, БХД

Актывісты кампаніі "За малы памежны рух” пры падтрымцы БХД падалі заяўкі на правядзенне 21-го пікета ў падрымку бязвізавага руху з Польшчай і Літвой. Ініцыятары звярнуліся да мясцовых ўладаў 19-ці прымежных з Польшчай і Літвой гарадоў па дазвол на правядзенне масавых мерапрыемстваў.

 

Мэтай правядзення пікетавання актывісты пазначылі - "Інфармаванне грамадзян аб сітуацыі з рэалізацыяй пагаднення аб малым прымежным руху паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча і збор подпісаў у Міністэрства замежных спраў Беларусі з просьбай паскорыць увядзення ў дзеянне гэтага пагаднення”.


Як адзначыў адзін з ініцыятараў кампаніі "За малы памежны рух!” Зміцер Кухлей: "Мы хацелі бы распавесці жыхарам прымежных беларускіх гарадоў наконт пераваг і асаблівасцяў увядзення малога памежнага руху з Польшчай і Літвой. У нашых суседзяў – Украіны і Расіі – жыхары прымежных рэгіёнаў ужо некалькі гадоў карыстаюцца выгодамі бязвізавага руху з краінамі Еўрасаюза. Мы спадзяемся на хуткую рэалізацыю існуючых дамоваў Беларусі з Польшчай і Літвой. Тым болей, што з гэтага года беларускія ўлады актывізавалі перамовы з ЕС наконт візавай лібералізацыі”.


Пікеты запланаваны на канец жніўня і пачатак верасня гэтага года. У выпадку дазволу ўладаў акцыі павінны адбыцца ў 19-ці гарадах і раённых цэнтрах, якія ўваходзяць у зону дзеяння дамовы аб Малым памежным руху з Польшчай і Літвой: Брэст, Высокае, Жабінка, Камянец, Маларыта, Пружаны, Гродна, Свіслач, Вялікая Бераставіца, Ваўкавыск, Скідзель, Масты, Астравец, Ашмяны, Воранава, Іўе, Ліда, Шчучын, Смаргонь.


Навіны па тэме