У межах “Народнага кантролю” сабрана больш за 40 тыс. подпісаў за вырашэнне грамадскіх праблем

03 кастрычніка 2014 17:21  |  Галоўныя навіны

У межах кампаніі “Народны кантроль”, якая абвешчаная
прыярытэтам на 2014 год для аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская
хрысціянская дэмакратыя”, сабрана больш за 40 тыс. подпісаў. Пра гэта 3
кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла каардынатар кампаніі Вольга
Кавалькова.

 

Паводле яе словаў, кампанія якая пачалася ў траўні, ставіць
на мэце змаганне з карупцыяй і абарону інтарэсаў грамадзян у 50 розных населеных
пунктах. Подпісы збіраюцца па дзесяці розных тэмах: як агульнанацыянальных
(змаганне з алкагалізацыяй), так і агульнагарадскіх (вырашэнне праблемаў з
медыцынай, экалогіяй і гэтак далей). Так, у Віцебску подпісы збіраюцца за
будаўніцтва новай паліклінікі, у Гомелі – за ачыстку вадаёмаў, у Магілёве – за
чысціню паветра, перадае карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO.

 

«Нацыянальная праблема № 1 – супрацьстаянне алкагалізму», –
адзначыў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

 

Ён падкрэсліў, што людзі вельмі жыва рэагуюць на прапановы,
хаця некаторыя і баяцца пакідаць свае подпісы. Пры гэтым падчас
агульнагарадскіх кампаній узнікаюць падкампаніі па іншых праблемах, ініцыяваныя
мясцовымі жыхарамі, якім актывісты “Наронага
кантролю” дапамагаюць са складаннем зваротаў, зборам подпісаў і гэтак далей.
Апроч таго, у межах кампаніі былі заключаныя дамовы сярод дэмакратычных сілаў
для вырашэння мясцовых праблемаў у Мінску, Гродне, Віцебску, Магілёве,
Бабруйску, Маладзечне

 

“Калі ўлада недэмакратычная, невыбарная, на ўсе ініцыятывы
грамадзян яна рэагуе вельмі кепска. Каб дамагчыся выніку, трэба прыкласці тытанічныя намаганні.
У любой дэмакратычнай краіне такія высілкі прывялі б да скрушальнага эфекту. А
ў нас на тысячы подпісаў у Віцебску прыходзяць адпіскі. На любых дэмакратычных выбарах
чыноўнікі за такое паляцелі б са сваіх месцаў”, – заявіў Павел Севярынец.

 

“Адзін метад барацьбы з карупцыяй – дэмакратычныя выбары. У іх адсутнасць “Народны кантроль” –
кампенсаторны механізм, які дапамагае дамагацца вырашэння хвалюючых праблем. Мы
не кажам, што вырашым праблемы, але дапаможам самааргагнізацыі грамадзян,
стварэнню структур для адстойвання грамадскіх інтарэсаў”, – дадаў у сваю чаргу
другі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

 

Паводле яго словаў, звароты за змены сітуацыі, якія
прыносіць адзін чалавек ці арганізацыі, выкідаюцца ў сметніцу і на іх ніхто не
звяртае ўвагу. “Мы прапануем пісьменныя прапановы, за якімі стаяць галасы людзей. І ўлады вымушаныя ісці на
саступкі. Чыноўнікі, асабліва на нібыта выбарных пасадах, часта непісьменныя, ім
трэба сфармаваныя юрыдычныя прапановы, дзе ўсё ўжо распісана, і якім проста трэба
даць хаду. Пры гэтым трапляюцца чыноўнікі, якія разумеюць праблемы, але не
могуць нічога зрабіць, бо дзяржаўная сістэма зарыентаваная на хуткую нажыву, у
т.л. з продажу алкаголю”, – сказаў ён.

 

“Толькі аб’яданне вакол грамадскай праблемы і грамадскі ціск
могуць прынесці плён. Таму трэба сустракацца і дамагацца”, – заключыў Павел Севярынец.

Болей навін