БХД распрацавала прапановы па рэформе сістэмы адукацыі і пачынае кампанію ў іх падтрымку (фота)

14.10.2014, 15:07  |  Галоўныя навіны, Грамадства

У Мінску 13 кастрычніка на абмеркаванні становішча сістэмы адукацыі ў Белаурсі з удзелам прафесараў, выкладчыкаў, прадстаўнікоў Балонскага камітэту быў прадстаўлены комплекс рэформ сістэмы адукацыі ў краіне, распрацаванай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

 

Прапанаваныя змены ўключаюць сярод іншага ўвядзенне добраахвотнага выкладання ў школах асноваў хрысціянскай культуры. Прапануецца, каб выкладанне вялося прадстаўнікамі той канфесіі, да якой належаць бацькі вучняў і па заяве бацькоў. Тым, хто не пажадае вывучаць асновы хрысціянскай культуры, прапануюць выкладаць асновы сусветнай культуры.

 

Таксама рэформы прадугледжваюць магчымасць хатняй адукацыі, недзяржаўнай і прыватнай адукацыі ўсіх узроўняў; стымуляванне выкладчыкаў і навучальных устаноў да большага ўжывання беларускай мовы.

 

Першачарговыя крокі, якія прапануецца зрабіць, – гарантаваць акадэмічныя свабоды і далучыць Беларусь да Балонскага працэсу. "Мы мусім пайсці на рэформу сістэмы адукацыі, якая дэградуе. І першы крок – увядзенне свабоды выкладчыкаў і ўніверсітэтаў ад уладаў. Гэта асноўны імпульс, які стане пачаткам рэформы беларускай сістэмы адукацыі. Таксама мы павінны спыніць знішчэнне беларускйа мовы і стварыць непарыўнасць беларускамоўнай адукацыі ад дзіцячага садка да дактарантуры”, - адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

 

Грунтуючыся на прапанаваных рэформах Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты пачынаюць кампанію па далучэнні Беларусі да Балонскага працэсу. У межах кампаніі распачаты збор подпісаў з наступнымі патрабаваннямі:

1. Выбарнасць і падсправаздачнасць рэктараў акадэмічнай супольнасці і сацыяльным партнерам ВНУ (студэнтам, настаўнікам, зацікаўленым працадаўцам і інш).

2. Адмова ад практыкі прымянення кароткатэрміновых кантрактаў з выкладчыкамі, якія робяць іх залежнымі ад свавольства адміністрацыі; гарантыі захавання працоўнага месца на ўвесь тэрмін абрання выкладчыкаў па конкурсу.

3. Забеспячэнне рэальнага прадстаўніцтва студэнтаў у органах кіравання ВНУ; заканадаўчае замацаванне права ўсіх студэнтаў на стварэнне органаў самакіравання на ўзроўні ВНУ і нацыянальным узроўні.

4. Адмова ад практыкі прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў і пераход да размеркавання толькі з добраахвотнай згоды студэнтаў і свабоднаму выбару месца працы, заканадаўчаму замацаванню дзяржаўных гарантыяў першага працоўнага месца і кваціраванню працоўных месцаў для выпускнікоў ВНУ незалежна ад таго, навучаліся яны на бюджэтных ці платных месцах .

5. Стварэнне незалежнага нацыянальнага фонду падтрымкі студэнцкай мабільнасці; магчымасць для не менш чым 20% студэнтаў беларускіх ВНУ ўключыцца ў праграмы акадэмічнага абмену з універсітэтамі Еўропы, ЗША, іншых краінаў.

6. Павялічэнне якасці навучання за кошт арыентацыі яго на патрабаванні працадаўцаў;

забеспячэнне права студэнтаў на выбар індывідуальнай адукацыйнай траекторыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі будучага працоўнага месца да кампетэнцыі выпускніка ВНУ.

7. Забеспячэнне ўмоў для прызнання ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі беларускіх дыпломаў; бясплатнае прадстаўленне ўсім выпускнікам беларускіх ВНУ дадатку еўрапейскага стандарту да дыплома.

8. Гарантаванае вылучэнне штогод не менш за 2% УВП на дзяржаўную падтрымку вышэйшай адукацыі.

 

 

Таксама створаны адмысловы сайт http://bpby.info/, які распавядае пра праблемы беларускай сістэмы адукацыі, прапанаваныя змены, перавагі Балонскага працэсу. Таксама на сайце можна спампаваць падпісны бланк і паставіць подпіс у падтрымку прапановаў, які мае юрыдычную моц.

 

"У межах інфармацыйнай кампаніі мы збіраемся распавесці студэнтам, выкладчыкам, што такое Балонскі працэс, што ён дае і чаму мы ў яго не ўваходзім”, - паведаміла лідар МХД Марына Хоміч.

 

БХД распрацавала прапановы па рэформе сістэмы адукацыі і пачынае кампанію ў іх падтрымку (фота)
БХД распрацавала прапановы па рэформе сістэмы адукацыі і пачынае кампанію ў іх падтрымку (фота)
БХД распрацавала прапановы па рэформе сістэмы адукацыі і пачынае кампанію ў іх падтрымку (фота)

Навіны па тэме