Першы поспех кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”

23 кастрычніка 2014 15:41  |  Галоўныя навіны

Міністр гандлю Валянцін Чаканаў паведаміў, што законапраект накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін, звязаных з папярэджаннем размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы алкагольных напояў і тытуневых вырабаў пад выглядам рэкламы іншых тавараў, арганізацый і грамадзян. Па яго словах, гэта будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці мер, накіраваных на папярэджанне і пераадоленне п’янства, алкагалізму і палення тытуню, піша БелаПАН
Чаканаў адзначыў, што ў апошні час шырокі распаўсюд атрымала практыка вытворчасці розных тавараў, прадукцыі і паслуг (вады, напояў, забаўляльных паслуг) пад брэндамі алкагольных напояў і тытуневых вырабаў, а таксама ў аналагічнай спажывецкай тары. Падобную практыку, адзначыў ен, вытворцы абгрунтоўваюць скарачэннямі выдаткаў на прасоўванне новага прадукту і намерам па максімуму выкарыстоўваць вытворчыя пляцоўкі.
«Аднак у большасці выпадкаў такая практыка мае мэту размясціць рэкламу алкагольных напояў і тытуневых вырабаў у абыход заканадаўчых нормаў, а таксама ўвядзенне ў зман пакупніка», – падкрэсліў Чаканаў. У сувязі з гэтым законапраект уводзіць забарону на рэкламу тавараў і паслуг пад брэндамі алкагольных напояў і тытуневых вырабаў у месцах, дзе ў адпаведнасці з заканадаўствам забараняецца размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы алкагольных напояў, а таксама падчас арганізацыі і правядзення культурных, адукацыйных, спартыўных і іншых гуманітарных мерапрыемстваў. Акрамя таго, усталёўваецца поўная забарона рэкламы, якая змяшчае назву тавара і арганізацыі, прозвішча, гандлёвы знак, геаграфічнае ўказанне, выяву тавара і яго спажывецкай упакоўкі, тоесныя альбо падобныя з назвамі, гандлёвымі знакамі і геаграфічнымі асаблівасцямі, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння тытуневых вырабаў.
Нагадаем, што актывісты БХД перадалі мясцовым уладам больш чым у 30 населеных пунктах краіны подпісы супраць алкагалізацыі насельніцтва.

Болей навін