БХД узяла ўдзел у акцыі “Дзяды”

03 лістапада 2014 13:09  |  Галоўныя навіны

Кіраўніцтва і актывісты
Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ўзялі ўдзел у акцыі памяці “Дзяды”, якая
прайшла 2 лістапала ў Мінску. Сярод удзельнікаў былі сустаршыні аргкамітэту
Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, лідарка Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў
Марына Хоміч і іншыя.

 

“Гэта акцыя памяці. Нацыянальнай
свядомасці. Гэта рэчы, на якіх трымаецца нацыя. І калі нашы суседзі, наш братні
народ перажывае такі цяжкі час – гэта адзнака салідарнасці, тое, што тут
згадваюць Украіну. Дакуль ёсьць людзі, якія ўшаноўваюць памяць продкаў,
трымаюцца гісторыі, датуль жыве Беларусь. Бяру ўдзел у акцыі з 1995 году.
Галоўнае, каб была вось гэтая акцыя і памяць, і часам не важна, колькі там
людзей. Гэта светлае свята, бо дзяды сыходзяць у неба, і гэта светла. І мы,
пакуль на зямлі, стараемся зрабіць тое, што можам. Гэта не шлях уніз, гэта шлях
угару», – адзначыў у каментары Радыё Свабода Павел Севярынец.

 

Ніякія абставіны
не павінны ўплываць на людзей, якія хочуць ушанаваць памяць продкаў. Такое
меркаванне выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН Віталь Рымашэўскі падчас
шэсця ва ўрочышчы Курапаты.

 

Каментуючы
адсутнасць на акцыі многіх вядучых палітыкаў, Рымашэўскі адзначыў, што ў гэты ж
час Мінску праходзіў з’езд РГА “Таварыства беларускай мовы» і Зялёны
кангрэс, арганізаваны Беларускай партыяй «Зялёныя». «На жаль, так атрымалася,
што людзі, якія хацелі прыйсці на «Дзяды», вымушаныя былі ісці на іншыя
мерапрыемствы. Гэта трывожны, сумны сігнал. Ігнараваць «Дзяды», тым больш
вядучым беларускім палітыкам, недапушчальна», – падкрэсліў Рымашэўскі.

 

Паводле слоў
палітыка, асноўны пасыл «Дзядоў» – гэта пакаянне. «Да таго часу, пакуль у
Беларусі не адбудзецца нацыянальнае пакаянне, не будуць увекавечаны ахвяры
сталінскага рэжыму гэтак жа, як увекавечаны ахвяры фашысцкага рэжыму, да тых
часоў гэты пасыл застанецца ранейшым. «Дзяды» – гэта заклік людзей да
ўстанаўлення гістарычнай праўды, без якой немагчыма дабіцца праўды ў сучасным
свеце і пабудаваць будучыню для новых пакаленняў», – заявіў палітык.

Болей навін