БХД пастанавіла распрацаваць пакет тэрміновых рэформаў для выхаду Беларусі з крызісу

29.11.2014, 14:50  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Нацыянальная Рада аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” на сваім паседжанні 29 лістапада прыняла рэзалюцыю "Урад для народа”:

 

Беларусь як дзяржава перажывае глыбокі ўсеахопны крызіс: палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны, духоўны. Падзеі ва Ўкраіне, выкліканыя агрэсіяй Крамля, ставяць нашу краіну і наш народ перад рэальнай пагрозай захопу і разбурэння дзяржаўнасці. У гэтых умовах Беларусі патрэбны ясны, падрыхтаваны і сістэмны адказ на гістарычныя выклікі.

 

Усведамляючы сваю адказнасць за лёс краіны, БХД пастанаўляе: распрацаваць пакет тэрміновых рэформаў, накіраваных на выхад з крызісу і ратаванне незалежнасці. Мы бачым неабходнасць згуртаваць вядучых беларускіх адмыслоўцаў у галінах права, знешняй і ўнутранай палітыкі, гаспадаркі, сацыяльнай абароны, культуры і адукацыі, каб у кароткія тэрміны стварыць праграму "Урад для народа” – і разам з усімі зацікаўленымі сіламі ў грамадзтве даць ясную і моцную альтэрнатыву сённяшняму рэжыму.

 

БХД ужо мае грунтоўныя заканадаўчыя напрацоўкі ў галіне сацыяльнай палітыкі (змены ў сямейнае заканадаўства, закон аб веравызнанні, абароны жыцця, інфармацыя, адукацыя), а таксама праект пашыранай партыйнай праграмы. Адначасова, мы мусім разам з вядучымі адмыслоўцамі распрацаваць праекты эканамічных рэформаў і энэргетычнай незалежнасці, вайсковай рэформы і мясцовага самакіравання, рэформы сістэмы правасуддзя, беларусізацыі і ўкаранення хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў у працэс дзяржаўнага будаўніцтва. Асаблівым акцэнтам гэтых праектаў павінна стаць ўмацаванне і абарона дзяржаўнай незалежнасці.

 

Распрацоўка праграмы "Урад для народа” мае на мэце яднанне адмыслоўцаў у выніку абмеркаванняў, канферэнцый ды круглых сталоў як на нацыянальным, так і на рэгіянальным ды мясцовых узроўнях, а таксама стварэнне планаў альтэрнатыўнага развіцця для гарадоў і рэгіёнаў Беларусі.

 

Адным з найважнейшых вынікаў праграмы "Урад для народа” мы бачым ініцыяванне "Беларускага пагаднення аб асацыяцыі з ЕС” – дакуманту, які мог бы стаць платформай для беларуска-еўрапейскай інтэграцыі.

Навіны па тэме