Рымашэўскі на сустрэчы з дыпламатамі Вышаградскай групы: дыялог з Менскам можа быць толькі абумоўленым

10 снежня 2014 20:39  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская
Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі 10 снежня сустрэўся з дэлегацыяй
палітычных дырэктараў знешнепалітычных ведамстваў краін-удзельніц Вышаградскай
групы. На сустрэчы прысутнічалі і прадстаўнікі беларускай грамадзянскай
супольнасці.

 

На сустрэчы абмяркоўваліся палітычная сітуацыя ў Беларусі,
фармат супрацы паміж Еўразвязам і Беларуссю.
Асноўная мэтай візіту дыпламатаў Чэхіі, Польшчы, Вугоршчыны і Славаччыны
было аднаўленне дыялогу паміж ЕЗ і ўладамі Беларусі.

 

“Пазіцыя Хрысціянскай Дэмакратыі палягае ў тым, што дыялог
можа быць толькі абумоўленым. І суб’ектамі яго мусіць быць не кіроўная
вярхушка, а беларускі народ. Нельга паступацца каштоўнаснымі прынцыпамі.
Незалежнасць Беларусі пад пагрозай, але на падмурку дыктатуры незалежную краіну
не збудуеш. У краіне захоўваюцца рэпрэсіі, і з набліжэннем кампаніі 2015 года
яны толькі ўзмацняюцца. І сітуацыя будзе пагаршацца, калі не будзе цвёрдасці ў
дыялогу з Менскам. Нельга паўтараць памылкі 2010 года, калі рэжым успрыняў
лібералізацыю з боку Захаду, як слабасць, што прывяло ў тым ліку і да
брутальных падзеяў 19 снежня 2010 года”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

Паводле яго, пазіцыя Вышаградскай групы і ЕЗ у дачыненні
Беларусі выпрацоўваецца, пакуль ёсць розныя падыходы. “Не з усім з гэтага можна
пагадзіцца, але добра, што прадстаўнікі беларускага грамадства ўдзельнічаюць у
яе выпрацоўцы”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

Болей навін