Дэмакратычныя сілы патрабуюць вярнуць свабоду інтэрнэту

23 снежня 2014 14:00  |  Галоўныя навіны

23 снежня на чарговым паседжанні “сямёркі” дэмакратычных сілаў адбылося
падпісанне сумеснай заявы супраць інтэрнэт-цэнзуры ў Беларусі. Заяву падпісалі
лідары БХД, АГП, ПБНФ, БСДП(Г), “Гавары праўду” і Руху “За свабоду”. Беларуская
партыя левых “Справядлівы свет” прыме сваё рашэнне пра далучэнне бліжэйшым
часам.

 

Таксама быў запланаваны шэраг сумесных пікетаў у рэгіёнах і мітынг.

 

“19 снежня 2014 года адбылася падзея, параўнальная па сваіх маштабах з
падзеямі 19 снежня 2010 года. Тое, што апазіцыя не здолела абраць адзінага, –
гэта вельмі благі сігнал. Вельмі важна быць еднымі для абароны дэмакратыі,
супраць наступнага вітку рэпрэсій. Магчыма, канкрэтныя дзеянні дапамогуць
дэмакратычным сілам дзейнічаць разам падчас прэзідэнцкай кампаніі”, – адзначыў
сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

 

ЗАЯВА

Пачынаючы з 19 снежня беспадстаўна
былі заблакаваныя найбольш папулярныя незалежныя інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы
ў Рэспубліцы Беларусь. Большасць з іх застаецца недаступнай на тэрыторыі краіны
па сённяшні дзень. У прыватнасці, без тлумачэння прычын быў заблакаваны доступ да
сайтаў belapan.com і belapan.by,
charter97.org, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com,
zautra.by,
racyja.com.

 

Мы,
ніжэйпадпісаныя пардстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў выказваем пратэст
супраць беспрэцэдэнтнай цэнзуры ў беларускім інтэрнэце. Распачатыя 19 снежня
2014 года рэпрэсіі супраць незалежных СМІ параўнальныя з рэпрэсіямі 19 снежня
2010 года супраць гарамадзянскай супольнасці Беларусі. За адзін дзень Беларусь
па ўзроўні свабоды інтэрнэту апусцілася да ўзроўню Кітаю, Ірану, Кубы.

 

Заблакаваныя
самыя папулярныя незалежныя інтэрнэт-сайты. Адбываецца парушэнне Канстытуцыі
Рэспублікі Беларусь, сусветна прынятых норм правоў чалавека і дзеючага
заканадаўства Беларусі

 

Мы заклікам
ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі ўстаць на абарону незалежных СМІ. Мы заклікаем
грамадзян Рэспублікі Беларусь выказаць салідарнасць з журналістамі, распаўсюджваць інфармацыю
пра тое, як можна абыйсці блакіроўкі.

 

Мы патрабуем
ад беларускіх уладаў вярнуць свабоду інтэрнэту ў Беларусі. Заклікаем усе
праваабарончыя арганізацыі, урады дэмакратычных краін Еўропы звярнуць увагу на
чарговы ўдар па свабодзе слова ў Беларусі і падтрымаць беларускіх журналістаў.

 

Мы
канстатуем, што ўзнаўленне палітычных кантактаў з беларускім рэжымам заходніх
палітыкаў, якія адбываліся апошнія месяцы, на жаль, не прывяло да паляпшэння
сітуацыі ў Беларусі, але было ўспрынята як маўклівая згода на далейшае ўзмацненне рэпрэсій
супраць дэмакратычнага грамадства, супраць беларускага народу. Мы заклікаем міжнародную
супольнасць не ісці на сустрач рэжыму, які абвяргае базавыя еўрапейскія
каштоўнасці, і заклікаем да адэкватнай рэакцыі з боку міжнароднай супольнасці,
міжнародных праваабарончых арганізацый, міжнароднай журналісцкай супольнасці.

 

Мы заклікаем
усіх, каму неабыякавы лёс Беларусі, як унутры краіны, так і за яе межамі,
аб’яднацца для абароны беларускіх незалежных СМІ.

 

Абаронім
незалежную прэсу – захаваем незалежную Беларусь!

 

Сустаршыня Беларускай
Хрысціянскай Дэмакратыі В.Рымашэўскі

Старшыня
руху «Гавары праўду» У. Някляеў

Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Рух« За свабоду» Ю. Губарэвіч

Старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі А.Лябедзька

Старшыня Партыі БНФ А.Янукевіч

 

Старшыні Беларуская Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Грамада) І.Вештард

Болей навін