Кавалькова: змены ў законы аб абортах важныя, але іх недастаткова

29.12.2014, 13:57  |  Навіны » Грамадства

У Беларусі законам «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон Рэспублікі Беларусь» Аб ахове здароўя”, які ўступіў у моц 27 снежня, дадзена права лекарам адмаўляцца ад правядзення аборту. З гэтага часу лекар можа адмовіцца ад правядзення штучнага перапынення цяжарнасці, пісьмова паведаміўшы пра гэта кіраўніку арганізацыі аховы здароўя, калі адмова непасрэдна не пагражае жыццю або здароўю жанчыны.

 

Пасля атрымання пiсьмовага паведамлення кіраўнік арганізацыі павінен арганізаваць жанчыне правядзенне аборту іншым лекарам. Таксама арганізацыі аховы здароўя абавязаны ствараць умовы і забяспечваць правядзенне перадабортнага псіхалагічнага кансультавання жанчын, якія звярнуліся па правядзенне абортаў, паведамляе krynitsa.info.

 

Акрамя таго, з 27 снежня пастановай Міністэрства аховы здароўя №88 ад 10 снежня звужаны пералік медыцынскіх паказанняў для штучнага перапынення цяжарнасці. Так, больш не з’яўляюцца медыцынскімі паказаннямі для правядзення аборту сардэчныя заганы, зрокавыя засмучэнні і слепата — паніжэнне зроку на абодва вокі ніжэй 0,05 дыёптрый. Замест цукровага дыябету цяжкай формы гаворыцца пра цукровы дыябет класаў F, R, FR, T, а таксама аб стане клініка-метабалічнай дэкампенсацыі з першага трыместра цяжарнасці.

 

"Безумоўна, магчымасць лекара адмаўляцца ад правядзення абортаў, абавязковыя кансультаванні жанчын, якія хочуць зрабіць аборт, скарачэнне медыцынскіх паказнікаў, вельмі важна. Гэтыя папраўкі паказваюць, што аборт не з'яўляецца чымсьці нармальным. Разам з тым неабходна рабіць іншыя крокі, каб спыніць забойствы ненароджаных дзяцей у Беларусі. У прыватнасці, трэба ўвесці абавязковы пяцідзённы перыяд чакання з моманту падачы заявы аб намеры зрабіць аборт да моманту яго правядзення; скараціць тэрмін для правядзення аборту да 7 тыдняў; забараніць правядзенне клінічных выпрабаванняў на чалавечых эмбрыёнах”, - адзначыла каардынатар кампаніі БХД "За сямейныя каштоўнасці” Вольга Кавалькова.

 

Нагадаем, што кампанія праводзіцца з 2012 года. Раней у межах яе атрымалася скараціць сацыяльныя паказанні для правядзення абортаў.

Навіны па тэме