Хрыстос нарадзіўся – Бог аб’явіўся!

07 студзеня 2015 02:15  |  Галоўныя навіны

Шаноўныя сябры! Шчыра віншуем усіх тых, хто святкуе Раство
Хрыстова з гэтым цудоўным святам. Больш за дзве тысячы год таму Бог для
збаўлення кожнага з нас вырашыў стацца чалавекам, ува ўсім, апроч граху,
падобным да нас.

 

Сваім нараджэннем у стаенцы разам з жывёламі, Ісус Хрыстос
паказаў свету важнасць і роўнасць кожнага чалавека: і багатага, і беднага,
сваім навучаннем прадэманстраваў, што кожны з нас можа стаць святым, у тым ліку
ганіцель і вялікі грэшнік. Бог прыйшоў у свет, каб кожны, хто верыць у яго, не
загінуў, але меў жыццё вечнае.

 

Узрадуймася ж гэтай цудоўнай навіне! Прымем Бога ў свае
сэрцы і дазволім Яму нарадзіцца ў нас. Узгадайма таксама, што вера без справаў
мёртвая, і прыкладзем усе свае намаганні, каб у новым годзе нашыя справы сталіся
годным дапаўненнем нашай веры, каб мы маглі супрацьстаяць злу, несправядлівасці,
беззаконню і граху ў нашай роднай Беларусі.

 

Са святам вас, дарагія сябры! Хрыстос нарадзіўся – Бог аб’явіўся!

Болей навін