Дэмакратычныя сілы дамовіліся пра правядзенне кампаніі назірання “Права выбару”

30.01.2015, 13:06  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Шэраг апазіцыйных структур падпісалі пагадненне аб правядзенні супольнай кампаніі назірання падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. Гэта - Беларуская сацыял-дэмакратычныя партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, кампанія "Гавары праўду”, Партыя БНФ і Рух "За свабоду”.

 

Кіраўнікамі кампаніі "Права выбару” абраныя адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі і сябра Рады Руху "За свабоду” Алесь Сілкоў.

 

Цяпер ідзе працэс фармавання структураў кампаніі і тэхнічнага складу, у бліжэйшы час запланаваны аб’езд кіраўнікамі кампаніі рэгіёнаў з мэтай стварэння рэгіянальных аддзелаў ва ўсіх абласцях.

 

"Права выбару” мае досвед назірання за галасаваннем на мясцовых выбарах 2014 году. Яна адкрытая для ўдзелу іншых партый, арганізацый і ініцыятыў, таму як на нацыянальным, так і на рэгіянальных узроўнях прадстаўніцтва кампаніі будзе больш шырокім.

 

Кампанія назірання-2015 будзе падаваць інфармацыю штабам усіх дэмакратычных кандыдатаў і не стане падтрымліваць кагосьці асобна з іх.

 

Ад імя ўсіх партый і арганізацый - заснавальніц кампанія "Права выбару” заклікае далучацца да назірання, каб разам супрацьстаяць фальсіфікацыям падчас прэзідэнцкай кампаніі.

Навіны па тэме