Віталь Рымашэўскі: ЕC паўтарае тыя ж памылкі, як калісьці з Гітлерам

10 лютага 2015 09:17  |  Галоўныя навіны

У сераду 11 лютага ў сталіцы Беларусі сустрэнуцца прэзідэнт
Украіны Пётр Парашэнка, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, канцлер Нямеччыны
Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Сустаршыня аргкамітэта па
стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь
Рымашэўскі лічыць, што перамовы лідэраў Расеі, Украіны, Германіі і Францыі ў
Мінску – правальная ідэя, якая не толькі ні прывядзе ні да чаго добрага для
Украіны, але і адтэрмінуе пастаўкі зброі.

 

– Наогул, перамовы па Украіне ў Мінску прыносяць дывідэнды
пакуль што толькі аднаму чалавеку – Аляксандру Лукашэнку. За сабой такія
перамовы нясуць доўгатэрміновыя наступствы як легітымізацыя аўтарытарнага
беларускага рэжыму. Выкарыстоўваючы Мінск у правядзенні гэтых перамоваў,
заходнія палітыкі не толькі такім чынам праводзяць перамовы на пляцоўцы
Уладзіміра Пуціна – бо Беларусь, на жаль, падпісаўшы незаконныя шматлікія
пагадненні, такой і з’яўляецца – таксама дэ-факта легалізуецца ўлада ў Беларусі
і асабіста Лукашэнка. Вельмі шкада. Гэта адна з самых дрэнных пляцовак для
падобнага роду перамоваў у цэлым. Яны, па сутнасці, адбываюцца на тэрыторыі
Уладзіміра Пуціна, – лічыць палітык.

 

– Як пройдуць будучыя перамовы? Ці ёсць шанец на поспех?

 

– Я лічу, што гэтыя перамовы пройдуць безвынікова, таму што
Пуцін прагне толькі аднаго – разваліць Украіну, дэстабілізаваць палітычную і
эканамічную сітуацыю ў гэтай краіне. Ён не спыніцца ні перад чым у дасягненні
сваёй мэты. Па сутнасці, гэтыя перамовы – адна з апошніх спроб уціхамірыць
Пуціна па-добраму. Гэта той жа самы шлях, якім ішла Еўропа, спрабуючы супакоіць
Адольфа Гітлера ў 1937-38 гадах па сутнасці, аддаўшы яму частку Чэхаславакіі.
Сучасныя еўрапейскія палітыкі сёння дзейнічаюць тымі ж самымі метадамі,
выбіраючы «дрэнны мір» замест «добрай вайны». Баюся, як раз такі выбар да міру
не прывядзе. Мы бачым, што ўсе папярэднія мінскія перамовы не прывялі да
заканчэння вайны ў Данбасе. Гінуць невінаватыя ахвяры, гіне мірнае насельніцтва,
мужныя ўкраінскія ваенныя таму, што менавіта гэтыя перамовы адтэрміноўваюць
ваенную падтрымку Украіне. На мой погляд, дапамагчы трэба было ўжо даўно, каб
проста спыніць пуцінскую агрэсію і каб украінцы, ваюючыя з выкарыстаннем зброі
мінулага стагоддзя супраць сучасных расейскіх танкаў, перасталі паміраць.

 

– Чаму чыноўнікі Еўрасаюза выбралі такую правальную для
нашага рэгіёну тактыку? Пра што гэта кажа?

 

– Ведаеце, я баюся, што ў сённяшняй сітуацыі новая стратэгія
Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі не ёсць патрабаваннем дэмакратычных рэформаў.
Новая стратэгія Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі – гэта кансервацыя дзеючага
рэжыму, згоду з тымі правіламі, па якіх сёння жыве беларускае грамадства, з
парушэннямі правоў чалавека ў абмен на тое, што Беларусь не будзе рухацца ў бок
Расіі, гэта значыць, у абмен на беларускую нейтралітэт. І гэта, безумоўна,
дрэнная стратэгія. Яе адбіткамі і з’яўляюцца як перамовы ў Мінску, так і
падрыхтоўка да візіту Лукашэнкі на Рыжскі саміт Усходняга партнёрства, які
адбудзецца ў траўні – гэта ўсё частка гэтай памылковай стратэгіі, якая вядзе да
стагнацыі сітуацыі ў Беларусі, да прыраўноўвання нашай краіны да такіх краін як
Азербайджан , дзе доўгія дзесяцігоддзі немагчымыя перамены, але пры гэтым
Еўрасаюз поўнафарматна супрацоўнічае з дзеючай там аўтарытарнай уладай. І гэты
прыклад – на жаль, не адзіны. Перамовы ў Мінску пры наяўнасці палітвязняў і
нелегітымнага рэжыму азначаюць, што Еўропа больш не спадзяецца на дэмакратычныя
змены ў Беларусі і гатова да кансервацыі беларускага рэжыму ў адказ на хоць бы
часовы нейтралітэт.

 

– Гэта значыць, вы лічыце, што цяпер Лукашэнка могуць
паклікаць на Рыжскі саміт?

 

– Я б не звязваў напрамую гэтыя дзве падзеі. Я кажу, што і
перамовы, і магчымае запрашэнне Лукашэнкі на Саміт з’яўляюцца наступствамі
новай стратэгіі Еўрапейскага саюза ў адносінах да Беларусі. Кансервацыя рэжыму,
аднаўленне супрацоўніцтва з уладай і зніжэнне планкі патрабаванняў да выканання
правоў чалавека ў Беларусі, гэта значыць, адступленне ад сваіх папярэдніх
заяваў. Нагадаю, што амаль усе еўрапейскія чыноўнікі рабілі заяву аб тым, што
не будуць кантактаваць з прадстаўнікамі беларускага рэжыму, пакуль як мінімум
не знікнуць палітвязні. А яны ёсць, да таго ж, з’яўляюцца новыя. Тым не менш,
адносіны ўжо пачалі аднаўляцца ў самых розных фарматах.

 

– Гучыць несуцяшальныя. Але ж надзея яшчэ ёсць?

 

– Я лічу, што сітуацыя цяжкая, і еўрапейскія палітыкі
здзяйсняюць тую ж самую памылку, як і іх папярэднікі ў мінулым стагоддзі ў
адносінах да рэжыму Гітлера, толькі ў адносінах да рэжыму Пуціна. Але не варта
адчайвацца: усе дыктатарскія рэжымы сваёй жа уласнай палітыкай заганяюць сябе ў
тупік і знішчаюць сябе самі. Я ўпэўнены, што ў бліжэйшы час рэжым Пуціна падзе
пад ціскам народнага абурэння, таму што народ даведзены да галечы. І Расійская імперыя
перастане існаваць. А ўслед за гэтым перамены прыйдуць таксама і ў Беларусь.
Таму, нягледзячы на ўсе негатыўныя тэндэнцыі, я хацеў бы пажадаць тым, хто
змагаецца з аўтарытарнымі дыктатарскімі рэжымамі, не апускаць рукі, таму што
наперадзе – перамога.

Болей навін