Севярынец у “Савецкай Беларусі”: такую ўладу трэба мяняць

06 сакавіка 2015 10:29  |  Галоўныя навіны

Упершыню за доўгі час
лідары апазіцыі былі запрошаныя ў дзяржаўныя СМІ. Сустаршыня аргкамітэту па
стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павел Севярынец і
намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін былі запрошаныя
ў на круглы стол у “Савецкую Беларусь”, дзе прадставілі Антыкарупцыйную
платформу апазіцыі.

 

5 сакавіка “Советская Белоруссия” надрукавала стэнаграму
Круглага стала па карупцыі, у якім узяў удзел сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Рэдкі выпадак (упершыню за некалькі гадоў), калі галоўная газета рэжыму дала
трыбуну камусьці з лідараў дэмакратычных сілаў. Да таго ж – па-беларуску.

 

“Нумар выйшаў у дзень прыбыцця ў Менск місіі МВФ, – адзначае Павел
Севярынец, – і гэта шмат што тлумачыць. У друк не трапіла зададзенае мной
ключавое пытанне: “А колькі рэзідэнцыяў у кіраўніка дзяржавы?..”
Затое прадстаўленне БХД, публікацыю праграмнай ідэі з “Законам
Лінкальна” і заклік мяняць уладу Лукашэнкі накладам 400 тысяч асобнікаў
можна смела запісаць нам у актыў”, – дадаў ён.

 

“На мой погляд, узровень
карупцыi ў Беларусi вялiкi. У сучаснай Беларусi для многiх красцi — гэта норма.
Я нават не толькi пра чыноўнiкаў кажу, а ўвогуле пра грамадства. «Не ўкрадзеш —
не пражывеш», «каб жыць у шчасцi, трэба красцi, красцi, красцi». Высокi ўзровень
карупцыi вынiкае з таго, што ў нас дзяржаўны сектар займае прыблiзна 70 — 75
адсоткаў. Карупцыя — у дзяржсектары. У рэйтынгу Transparency International,
паводле маiх звестак, мы займаем 123–е месца. У любым разе, нават калi гэта i
70–е месца, то гэта ўсё роўна шмат. Таму што традыцыi беларускай
правасвядомасцi вельмi глыбокiя. У нас i Статут у свой час быў, i незалежныя
суды ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, i Магдэбургскае права… Можа быць, i добрае
ў нас заканадаўства, але яно кампенсуецца неабавязковасцю i выбарачнасцю яго
выканання”, – адзначыў падчас круглага стала Павел Севярынец.

На яго думку, барацьба з
карупцыяй у Беларусі вядзецца кампанiямi і каб гэта паказаць. “Магчыма, толькi
хто вельмi зарваўся, то вырашаюць даць па руках. Альбо ў кагосьцi канкурэнты
аказалiся з больш моцным «дахам» у дзяржаўнай сiстэме. На крайнi выпадак,
буйныя карупцыянеры могуць нават адкупiцца. Чалавек раскраў у буйных памерах, а
верне ў некалькi разоў больш. Узнiкае пытанне: дзе ён узяў у некалькi разоў
больш? Значыць, тое, што мы бачым, — гэта толькi верхняя частка айсберга. Ёсць
сусветна прызнаныя прыклады таго, як з карупцыяй змагаюцца паспяхова: Сiнгапур
i Швецыя. Там дзве мадэлi рэформаў праведзены, нiчога новага яны не выдумляюць.
Гэта высокiя заробкi чыноўнiкаў i найстражэйшая адказнасць. Звальненне цэлых
аддзелаў, калi нехта, адзiн цi два службоўцы, замяшаныя ў карупцыi. Лiчыцца,
калi хтосьцi штосьцi такое робiць, свае заўсёды ведаюць”, – падкрэсліў
сустаршыня БХД.

 

Ён дадаў, што, калi ёсць
палiтычная воля, калi ёсць свабодныя СМI, ёсць выбары, пытанне карупцыі
вырашаецца. “А ў нас, напрыклад, мясцовае самакiраванне не выбiраецца, а
прызначаецца. У нас чыноўнiкi не падсправаздачныя сваiм выбаршчыкам, якiя
бачаць цi адчуваюць штосьцi не тое, яны падсправаздачныя вышэйстаячаму
кiраўнiку. Пачынаючы ад раённага чыноўнiка i нават да самага верху. Згодны з
тым, што тут трэба пачынаць з сябе. I калi i Царква, i сям’я, i школа не будуць
выхоўваць чалавека сумленнага, калi празрыстасць не будзе сацыяльнай нормай,
нiводны ўрад з карупцыяй не справiцца”, – кажа палітык.

Павел Севярынец
паведаміў, што ў хрысцiянскiх дэмакратаў ёсць праграмная прапанова, як нанесцi
вырашальны ўдар па карупцыi. Гэта закон Лiнкальна, ён быў уведзены ўпершыню ў
ЗША ў ХIХ стагоддзi. Чалавек, якi даказаў альбо дапамог даказаць у судзе факт
карупцыйнага злачынства, атрымлiвае 25 адсоткаў ад таго, што вяртаецца дзяржаве.
У большасцi развiтых краiн такiя законы альбо iх аналагi ёсць, i яны працуюць,
а ў абсалютнай большасцi постсавецкiх краiн такiх законаў няма, адзначыў
сустаршыня БХД.

 

Яшчэ адзiн спосаб
вырашыць праблему карупцыі, паводле яго, патрэбна менш дзяржавы. “Менш
асяроддзя для карупцыi — менш карупцыi. Таму менш дзяржавы — менш карупцыi,
гэта адзiн з галоўных прынцыпаў. I трэба даць свабоду шырока працаваць цэрквам,
даць усемагчымую падтрымку сям’i плюс праграма пашырэння беларускага
патрыятызму. Каб пытанне, звернутае да патэнцыяльнага хабарнiка, гучала так:
гэта ж твая краiна, што ж ты яе абкрадаеш. Ганебна павiнна быць, сорамна
чалавеку, што ён крадзе ў сваiх суайчыннiкаў, у свайго народа, у сваёй дзяржавы”,
– падкрэсліў палітык.

 

“Што рабiць кожнаму з
нас? Першае — Божы запавет: не крадзi. Красцi — смяротны грэх. Чым раней
чалавек гэта зразумее, тым лепш. Другое — грамадскi альбо народны кантроль, якi
рэалiзуецца праз СМI, праз мясцовае самакiраванне i праз уладу. Усе мы з вамi
памятаем, як 20 гадоў назад Аляксандр Рыгоравiч Лукашэнка прыходзiў да ўлады
пад лозунгам барацьбы з карупцыяй. I 20 гадоў прайшло, а, як кажуць, воз
дагэтуль там. Таму такую ўладу трэба мяняць”, – заключыў Павел
Севярынец.

Болей навін