Павел Севярынец: Дзесяць правілаў, якія адродзяць Беларусь

07.03.2015, 16:24  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Правіла 1. Мы любім Беларусь такой, якая яна ёсьць.

 

Але мы любім яе настолькі моцна, што ня можам пакінуць яе такой, якая яна ёсьць.

Правіла 2. Вартасьць чалавека вымяраецца ня тым, чым ён валодае, а тым, колькі ён аддае.

 

Сапраўдны беларус — аддае.

Правіла 3. Беларусы — людзі глыбокія.

 

Гэта расейцы шырокія душы ( «…я б звузіў», пісаў нашчадак ліцьвінскай шляхты Дастаеўскі ), дый украінцы з палякамі - народы з размахам. А вось нам Бог даў глядзець не ў далячыні, а ў глыбіню й вышыню.

 

Таму зь беларусамі трэба глыбей.

Правіла 4. Калі пільна прыгледзецца да Беларусі ды беларуса — ува ўнутраным сьвятле пачынаеш пазнаваць вобраз і падабенства Божае.

 

«На Беларусі Бог жыве!» — пісаў Караткевіч.

 

А Божае — прыгожае.

Правіла 5. Калі чалавека будзяць, у першы момант прыемнага мала. Для беларусаў адраджэньне часьцяком азначае боль.

 

І глыбей — сорам.

Правіла 6. Часам зь беларусамі цяжка.

 

Як Валадарства Нябёснае высілкамі дасягаецца, так і беларускае адраджэньне - жніво вялікае, працаўнікоў мала.

 

Здавалася б, Беларусь такая паветраная, прывідная, туманная…

 

Але падымаць яе — ох і нялёгка.

Правіла 7. У Беларусі мала сілаў і вельмі мала часу.

 

Засталося толькі на кароткі й адчайны штурм абыякавых, агрубелых і зраненых сэрцаў.Біце ў сэрцы іх!..

Правіла 8. Бязь веры Беларусь памірае.

 

Вера — адзіная форма жыцьця для краіны, якая тысячу гадоў малілася, любіла ворагаў і аддавала сябе на крыж.

 

Верым, можам, пераможам!

Правіла 9. Беларусы — рэдкі народ, у мове якога «воля» азначае адначасова і свабоду, і рашучасьць.

 

«Хто ня любіць волі — ня нашага роду», — казаў Купала.

 

Вольную Беларусь дае толькі сплаў чалавечай волі і Волі Божай.

Правіла 10. Адраджэньне ёсьць вяртаньнем беларуса да вобразу і падабенства Божага.

 

Большасьць нашых нацыянальных герояў — хрысьціяне. Беларуская гісторыя напоеная эвангельскім сьвятлом.

 

Бо беларуская нацыянальная ідэя — гэта Ісус Хрыстос, Які гаворыць па-беларуску.

Крыніца: nn.by

Навіны па тэме