Актывісты кампаніі "Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» сабралі больш за 25 тысяч подпісаў за змены ў заканадаўстве

19.03.2015, 13:55  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Больш за 25 тысяч подпісаў сабралі пад калектыўным зваротам за змены ў заканадаўстве, якое датычыцца антыалкагольнай палітыкі дзяржавы, актывісты кампаніі "Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю». Пра гэта паведаміла юрыст, член аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова на пасяджэнні круглага стала ў Мінску 18 сакавіка. Паводле яе слоў, 20 тысяч подпісаў было накіравана ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет Міністраў, міністэрства аховы здароўя, гандлю, эканомікі і ўнутраных спраў у мінулым годзе, а каля пяці тысяч у сакавіку гэтага года.

 

У калектыўным звароце адзначаецца, што ў Беларусі неабходна выкарыстоўваць паспяховы вопыт барацьбы з алкагалізмам цывілізаваных краін. «Мы лічым неабходным дазволіць продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў Менску толькі з 11.00 да 22.00 у спецыялізаваных аддзелах магазінаў, якія маюць асобны ўваход, - распавяла Кавалькова. - Варта забараніць продаж алкаголю асобам, якія не дасягнулі 21-гадовага ўзросту, а слабаалкагольных і энергетычных напояў і піва - 18 гадоў. Неабходна забараніць рэкламу алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, а таксама гандлёвых брэндаў і фірмаў, якія маюць дачыненне да вырабу або рэалізацыі алкагольнай прадукцыі».

 

Грамадскія актывісты прапануюць таксама абавязаць вытворцаў алкагольнай прадукцыі пералічваць частку прыбытку цэнтрам, якія займаюцца дапамогай людзям з алкагольнай залежнасцю і іх рэабілітацыяй.

 

Як падкрэсліла Кавалькова, занепакоенасць грамадскасці выклікае той факт, што, па розных дадзеных, каля 1 млн беларусаў злоўжываюць алкаголем, больш за 262 тыс. знаходзяцца на наркалагічным уліку, імкліва расце жаночы алкагалізм.

 

«Беларусь займае лідзіруючыя месцы ў свеце па спажыванні алкаголю. Пры гэтым у нашай краіне моцнае алкагольнае лобі. Пакуль дзяржава праз заканадаўства не прадэманструе, напрыклад, што ненармальна прадаваць алкаголь маладым людзям да 21 года, нічога не зменіцца», - сказала юрыст.

 

Як паведамляе БелаПАН, яна падкрэсліла, што неабходна кансалідацыя зацікаўленых арганізацый і спецыялістаў, каб прадэманстраваць «грамадски ціск на ўлады з мэтай прыняцця мер па антыалкагольнай палітыцы, каб беларуская нацыя не вымерла».

Навіны па тэме