Кампанія назірання "Права выбара" апублікавала свае прапановы па зменах у выбарчае заканадаўства і перадала іх у заканадаўчыя ўстановы

09.04.2015, 10:11  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Кампанія па назіранні за выбарамі "Права выбара" распрацавала змены ў выбарчае заканадаўства. Гэтая прапанова законапраекта была зацверджана на паседжанні кампаніі 7 красавіка арганізацыямі-удзельніцамі кампаніі па назіранні за надыходзячымі прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года – Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Беларускай Хрысціянскай дэмакратыяй, грамадскай кампаніяй "Гавары праўду", Партыяй БНФ, "Рухам за Свабоду", Партыяй "Зялёных” і Прафсаюзам РЭП.


У дадатку да гэтага прэс-рэліза высылаем прапановы па зменах Выбарчага заканадаўства.

 

9 красавіка прапановы па зменах у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь адасланыя ў Цэнтральную выбарчую камісію, як органу, які адказны за ўдасканаленне выбарчага заканадаўства, а таксама суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы – дэпутам Палаты прадстаўнікоў і ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

У бліжэйшы час лідары кампаніі плануюць сустрэчу са спікерам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Падчас сустрэчы будуць прадстаўленыя прапанаваныя змены і выказаныя аргументы кампаніі на карысць рэфармавання выбарчага заканадаўства.

Мэта распрацаванага законапраекта – дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства. У ім выкладзеныя канкрэтныя прапановы што да прадухілення фальсіфікацый у часе датэрміновага галасавання, павелічэння паўнамоцтваў назіральнікаў і палітычных партый у якасці удзельнікаў выбарчага працэса, прадухілення выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса. З улікам досведу папярэдніх кампаній прапануецца ўвесці дадатковыя гарантыі для кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку замацаваць іх асабістую недатыкальнасць і прадугледзіць магчымасць накіроўваць прадстаўнікоў кандыдатаў у склад выбарчых камісій.

 

У кампанію па назіранні за выбарамі "Права выбара" уваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская дэмакратыя", грамадская кампанія "Гавары праўду", Партыя БНФ, "Рух за Свабоду", Партыя "Зялёных”, Прафсаюз РЭП і аргкамітэт па стварэнні Партыі "Свабоды і прагрэсу”. Ініцыятыва скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх."Права выбару” грунтуецца на сваім вопыце назірання за галасаваннем на мясцовых выбарах 2014 года.

 

DRAFT-Election-Code-amendments-31.03.pdf [180,93 Kb]

Навіны па тэме