Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. Прэамбула

18.05.2015, 17:38  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Сайт bchd.info пачынае публікацыю частак праекту абноўленай і пашыранай праграмы Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Праект праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі БХД 13 чэвреня. Заўвагі і праўкі просьба дасылаць на sieviaryniec@gmail.com.

 

Прэамбула


НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ З ХРЫСЦІЯНСКІМ СЭРЦАМ

Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, на пачатку ХХІ стагоддзя, усведамляючы сваю адказнасць перад Богам і Бацькаўшчынай, стварылі новую палітычную сілу – партыю "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, якая грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях, дэмакратычных прынцыпах і беларускім патрыятызме.

 

Мы з’яўляемся спадкаемцамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі першай паловы ХХ стагоддзя і нашчадкамі традыцыі нацыянальнага і духоўнага адраджэння Беларусі. Арыенцірам у нашай дзейнасці з’яўляецца праца такіх беларускіх дзяржаўных дзеячоў-хрысціянаў, як Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, князі Астрожскія, Францішак Скарына, Мікалай Радзівіл Чорны, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Язэп Руцкі, беларускія хрысціянскія дэмакраты першай паловы ХХ стагоддзя.

 

Дактрына "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” увабрала ў сябе вопыт і дасягненні БХД 1920-1930-х і 2000-х гадоў, Хрысціянска-Дэмакратычнага саюзу Нямеччыны і іншых хрысціянска-дэмакратычных партыяў Еўропы.

 

Партыя "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” з’яўляецца народнай партыяй і ажыццяўляе дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. БХД аб’ядноўвае людзей шырокага ідэйнага спектра: хрысціянскіх дэмакратаў, прыхільнікаў цэнтрысцкай хрысціянска-сацыяльнай плыні, а таксама прыхільнікаў каштоўнаснага кансерватызму.

 

Мы бачым сваёй сацыяльнай базай вернікаў-хрысціянаў, моладзь, сем’і, прадпрымальнікаў, нацыянальна-арыентаваную інтэлігенцыю, інжынераў, кваліфікаваных рабочых і усіх, хто падзяляе палажэнні гэтай праграмы, незалежна ад рэлігійных перакананняў і сацыяльнага статуса.

 

На сённяшні дзень Беларусь краіна ахоплена крызісам у эканоміцы і сацыяльнай сферы. Беларусаў пазбавілі магчымасці абіраць уладу на свабодных дэмакратычных выбарах. Беларусаў кожны год становіцца ўсё менш. Пераследуюцца і кідаюцца за краты беларускія патрыёты, у краіне зневажаюцца палітычныя, грамадзянскія і сацыяльныя правы чалавека. Беларусь перажывае крызіс маральнасці.

 

У гэтых умовах БХД імкнецца прыйсці да ўлады ў краіне і рэалізаваць сваю праграму. У праграме партыі прадстаўлена яснае бачанне таго, як павінна быць уладкавана дзяржаўная ўлада, эканоміка і грамадства, якую палітыку неабходна праводзіць у Беларусі ў пераходны перыяд пасля падзення аўтарытарызму, каб пабудаваць дэмакратыю, грамадзянскую супольнасць і эфектыўную рынкавую эканоміку.

 

БХД спавядае неґвалтоўныя метады барацьбы і спрыяе кансалідацыі беларускага грамадства.

 

БХД імкнецца аб’яднаць беларускі народ вакол ідэяў свабоды і дэмакратыі, незалежнай дзяржаўнасці, сацыяльнай рынкавай эканомікі, правоў чалавека на цвёрдым грунце сутнасна хрысціянскіх каштоўнасцяў і нацыянальных традыцыяў.


НАШЫ КАШТОЎНАСЦІ

 

БОГ

 

Мы верым, што сэнс чалавечага жыцця – імкнуцца да Бога, Які стварыў гэтую зямлю, Які любіць свет настолькі, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага Ісуса Хрыста на крыж у ахвяру за нашы грахі, і натхняе нас Духам Святым.

 

Цэлае тысячагоддзе Беларусь з’яўляецца хрысціянскай краінай, часткай еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Біблія ўжо дзве тысячы гадоў выступае для нас мерай таго, што такое ісціна, дабро, прыгажосць і справядлівасць. Гісторыя ведала шмат прыкладаў паўстання супраць таго, што ёсць ісціна, дабро, прыгажосць і справядлівасць па-хрысціянску. Многія спрабавалі даць сваю меру і тлумачэнне гэтым каштоўнасцям, многія спрабавалі палепшыць і ўдасканаліць тое, што прапаноўваецца ў Бібліі, але ўсе гэтыя спробы прыводзілі або да паўтору біблейскіх запаведзяў і прынцыпаў, або да пагаршэння іх і да памылак. Бог даў чалавеку свабоду волі, свабоду спазнання дабра і зла. Карыстаючыся гэтай воляй спазнання дабра і зла, мы прыходзім да высновы, што ўяўленні пра дабро і зло трэба не змяняць, але спазнаваць і разумець.

 

Многія народы, і беларусы ў іх ліку, адмаўляліся ад хрысціянства на карысць атэізму. Заўсёды гэтая адмова суправаджалася стратай ў праўдзе, дабры, прыгажосці і справядлівасці. Усе народы і кожны чалавек асобна свабодныя абіраць і веру сваю, і шлях свой. Наш выбар – хрысціянскі і дэмакратычны. У свеце квітнеюць тыя краіны і народы, што не ўхіляюцца ад хрысціянскага шляху. Свой шлях мы выбіраем самі, але правільнасць яго звяраем па Божых Запаветах.

 

ЧАЛАВЕК

 

Мы вызнаем, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае. Разам з тым грэх, які ўвайшоў у чалавеччу прыроду, не дае магчымасці для самавыпраўлення – і, як хрысціянскія дэмакраты, мы бачым адказ на ўсе пытанні чалавечага існавання ў Богачалавеку Ісусе Хрысце.

 

Разуменне аднаго чалавека абмяжоўвае магчымасць дзеяння для іншага. Усякае чалавечае разуменне недасканалае, таму ніхто не можа навязваць свае погляды іншаму. Правы і свабоды кожнага чалавека на ўладкаванне свайго ўласнага жыцця абмяжоўваюць нашы магчымасці па ўладкаванні Беларусі. Гэта адзінае абмежаванне мы лічым праўдзівым і справядлівым. Тое, што гэта абмежаванне адзінае, але непарушнае, мы лічым дабром.

 

Хрысціянская дэмакратыя засноўваецца на ідэі персаналізму, які прызнае асобу першаснай творчай рэчаіснасцю і вышэйшай духоўнай каштоўнасцю.

 

Чалавек мае індывідуалістычную, сацыяльную і духоўную прыроду. Хрысціянская дэмакратыя разглядае чалавека як асобу, якая спалучае гэтыя тры аспекты чалавечай прыроды. Усялякая аднабаковасць і спроба абсалютызаваць адзін аспект чалавечай прыроды за кошт іншых вядзе да памылковых рашэнняў і негатыўных наступстваў. Чалавек не з’яўляецца поўнасцю аўтаномным і ізаляваваным, таксама як і не з’яўляецца механічным складнікам калектыву, другасным у параўнанні з калектывам. Хрысціянская дэмакратыя ўяўляе чалавека як асобу, надзеленую годнасцю, з індывідуалістычнымі памкненнямі, якая рэалізуе сябе ў зносінах і супрацоўніцтве з іншымі людзьмі і мае патрэбу ў духоўным быцці, як неад’емнай сутнасці чалавечага жыцця.

 

БЕЛАРУСЬ

 

Беларусь для нас і Радзіма, і Пакліканне. Бог даў нам нарадзіцца на гэтай зямлі таму што наш лёс непарыўна звязаны з беларусамі, беларускай гісторыяй, мовай і культурай, а таксама місіяй, укладзенай у Беларусь звыш.

 

Хрысціянскія народы Еўропы абіраюць розныя варыянты ўладкавання сваіх краін. Як кожны чалавек вольны ўладкоўваць свой дом, так і кожны народ вольны ўладкоўваць сваю краіну. Мы народжаныя ў Беларусі, гэта нашая краіна, і ніхто акрамя нас не ўладкуе яе так, як нам трэба. Беларусь – гэта наша свабода, свабода жыць і дзейнічаць згодна з нашым разуменнем праўды, дабра, прыгажосці і справядлівасці. Справядліва, што толькі мы самі свабодныя ўладкаваць яе ў дабры і прыгажосці; праўдзіва, што мы адказныя за адсутнасць у ёй дабра і прыгажосці.

Навіны па тэме