Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. НАРОД І КРАІНА

19.05.2015, 14:11  |  Навіны » Палітыка

Сайт bchd.info працягвае публікацыю частак праекту абноўленай і пашыранай праграмы Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Праект праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі БХД 13 чэвреня. Заўвагі і праўкі просьба дасылаць на sieviaryniec@gmail.com.


1. НАРОД І КРАІНА


1.1. Адраджэнне

 

1.1.1. Наш вобраз Беларусі – гэта незалежная, дэмакратычная дзяржава, дзе абараняюцца правы і свабоды чалавека, краіна хрысціянскага адраджэння ў сэрцы Еўропы.

 

1.1.2. Уся Заходняя цывілізацыя вось ужо 2000 гадоў будуецца на хрысціянскіх падмурках, таму сапраўды еўрапейская Беларусь можа паўстаць толькі з магутным духоўным рухам, са светапоглядным абнаўленнем усяго грамадства. Беларуская нацыянальная ідэя бачыцца нам як самарэалізацыя народа Беларусі ў найважных формах – незалежнай дзяржаве, беларускай мове, паважных міжнародных стасунках, дасягненні дабрабыту, сучаснай культуры – на падставе хрысціянскага зместу.

 

1.1.3. Мы супраць бездухоўнасці, амаральнасці і спустошанасці. Беларусі неабходна поўнамаштабнае духоўнае абуджэнне, адраджэнне ў людскіх душах стваральнага, жыццясцвярджальнага і аптымістычнага, сутнасна хрысціянскага і патрыятычнага светапогляду. Гэта з’яўляецца найпершай, найгалоўнай задачай БХД.

 

1.1.4. З пачуцця нацыянальнай саматоеснасці вынікаюць і любоў да роднай краіны, і павага да іншых народаў, і разуменне сваёй адказнасці перад тымі, хто быў, і за тых, хто будзе пасля.

1.2. Беларуская нацыянальная ідэя

 

1.2.1. Мы грунтуемся на тым, што беларуская нацыянальная ідэя зыходзіць з падставовых прынцыпаў хрысціянскага светапогляду: свабоды, веры, любові, справядлівасці, роўнасці, салідарнасці і адказнасці. Спазнанне гэтых найвышэйшых ісцін, следаванне ім у паўсядзённым жыцці і ёсць сутнасцю духоўнага адраджэння.

 

1.2.2. Беларуская нацыянальная ідэя – гэта місія, сэнс існавання беларускага народу. Любая нацыянальная ідэя абумоўлена адпаведнай гісторыяй, тэрыторыяй, часам, менталітэтам, узаемадачыненнямі з суседзямі. Адчуванне гэтага Богам дадзенага наканавання, усведамленне сваёй унікальнасці і непаўторнасці, свайго прызначэння менавіта на гэтай зямлі, у гэты час і ёсць нацыянальнай ідэяй. У кожнай нацыі ёсць вялікая задума Божая, кожнаму народу Бог дае непаўторныя дарункі – духоўныя, культурніцкія, светапоглядавыя. Кожны народ мусіць несці адказнасць перад Богам за гэтыя дарункі і служыць ім, і іншым народам, і ўсяму свету.

 

1.2.3. Мы лічым, што нашы гістарычныя нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг, як плашчаніца з крывёю ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, герб "Пагоня” з крыжам Святой Ефрасіні, гімн "Магутны Божа”, якія найбольш поўна выражаюць змест спрадвечнага імкнення беларускага народу да хрысціянскай чысціні і духоўнасці, рашучасць высілкаў нацыі для дасягнення праўды і справядлівасці – павінны стаць дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. Мы заклікаем да вяртання, павагі і шанавання нацыянальнай гістарычнай сімволікі Беларусі як неад’емнай часткі нашай гістарычнай і культурнай спадчыны.

 

1.2.4. Мы таксама прызнаем права на існаванне і выкарыстанне любой іншай сімволікі, якая прымаецца канстытуцыйным чынам беларускім грамадствам, за выключэннем сімволікі, звязанай з прапагандай нацысцкай, бальшавіцкай ці любой іншай ідэалогіі, не сумяшчальнай з хрысціянствам, годнасцю і свабодай чалавека.

 

1.2.5. Для нас нацыянальная ідэя – гэта не тое, што народ думае пра сябе ў часе, а тое, што Бог думае пра гэты народ у вечнасці. Мы пазнаем замысел Божы для Беларусі ў хрысціянскім змесце нацыянальнай ідэі, нацыянальных сімвалах, асаблівасцях менталітэту, гістарычнай місіі і культуры, асобах герояў. Для нас відавочна – нацыянальная свядомасць робіць веру ў Хрыста больш глыбокай, а вера адкрывае несвядомаму Радзіму.


1.3. Аб’яднанне народа

 

1.3.1. Мы разумеем паняцце "народ” у біблейскім сэнсе – як сукупнасць мінулых, сённяшніх і будучых пакаленняў, з’яднаных у гістарычную супольнасць месцам жыхарства, паходжаннем, свядомасцю, мовай, культурай і асаблівым духоўным кодам, пакліканнем і прызначэннем. Мы адказныя за сваю краіну найперш перад Богам і суайчыннікамі, а таксама перад продкамі і нашчадкамі.

 

1.3.2. Найважная задача БХД – кансалідацыя грамадства вакол ідэяў духоўнага адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістарычнай пераемнасці і адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру, стварэнне на гэтай базе шматаблічнага і паўсюднага нацыянальнага руху. Абарона хрысціянскіх каштоўнасцяў, суверэнітэту і дэмакратыі, змаганне са спадчынай таталітарнага савецкага рэжыму, з русіфікацыяй і наступствамі Чарнобылю, заслон спробам паняволення, распродажу Беларусі, адпор агрэсіі крыміналу, наркотыкаў, экстрэмізму, алкагалізму, маральнай дэградацыі патрабуюць гуртавання ў адзіны народны рух усіх здаровых сіл грамадства: палітычных партыяў і арганізацыяў, сацыяльных груп і асобных грамадзян.

 

1.3.3. З сённяшнім цяжкім становішчам у краіне пад сілу справіцца толькі ўсяму народу, свядомасць якога прасякнута духам хрысціянскага адраджэння і нацыянальнай ідэяй. Пакліканне БХД заключаецца ў тым, каб стаць ідэалагічным і арганізацыйным ядром такога ўсенароднага руху. Такім чынам, стварэнне дзейснага нацыянальнага руху, угрунтаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях, з’яўляецца галоўнай аб’яднаўчай стратэгіяй БХД, а таксама асноўным матывам міжпартыйных дачыненняў і пагадненняў. Пры правядзенні агульнанацыянальных кампаніяў, выбараў ці акцыяў пратэсту мы павінны быць упэўненыя ў тым, што нашыя хаўруснікі адстойваюць менавіта маральныя каштоўнасці, нацыянальныя інтарэсы і перспектывы адраджэння, і што вынікі нашай супольнай працы не будуць супярэчыць нашым памкненням.

 

1.3.4. БХД лічыць, што беларускія вуліцы і плошчы не павінны насіць імёнаў тых людзей, якія выкаранялі веру, знішчалі беларусаў за іх беларускасць, забівалі невінаватых пад лозунгамі "класавай барацьбы” і "сусветнай рэвалюцыі”: Леніна, Дзяржынскага, Карла Маркса, Кірава, Свярдлова, Суворава і іншых. Як толькі зменіцца ўлада – БХД правядзе перайменаванне адпаведных назваў пакетам, маючы на мэце найперш ушанаванне памяці выбітных землякоў і аднаўленне ў тапаніміцы гістарычнай справядлівасці.


1.4. Лідэрства БХД

 

1.4.1. У нацыянальным руху БХД мусіць імкнуцца да найбольшай адказнасці і ролі авангарду ў кожнай сферы дзейнасці. З гэтага вынікае імператыў ініцыятывы і лідэрства БХД у грамадска-палітычным працэсе ў Беларусі.

 

1.4.2. Лідзіруючае становішча БХД у першую чаргу мусіць дасягацца праз гуртаванне вакол партыі нацыянальнай эліты.

 

1.4.3. БХД лічыць, што неабходна развіваць нацыянальную свядомасць кожнага чалавека. Толькі чалавек з высокай нацыянальнай свядомасцю, які валодае маральна-этычнымі каштоўнасцямі і любіць сваю Бацькаўшчыну, здольны ў большай ступені прыносіць карысць грамадству, сваёй сям’і і самому сабе.

 

1.5. Месца і роля нацыянальных і канфесійных меншасцяў у Беларусі

 

1.5.1. У Беларусі, якая спрадвеку знаходзіцца на геапалітычным скрыжаванні, сумежжы цывілізацыяў і культур, нацыянальная ідэя спалучае многія этнічныя і светапоглядавыя элементы. Мы падтрымліваем усе нацыянальныя меншасці краіны ў іх праве ствараць шматаблічнасць беларускага грамадства. Беларусь усёй сваёй гісторыяй сцвярджае ідэал верацярпімасці і ўзаемапавагі ў суіснаванні розных народаў і рэлігіяў.

 

1.5.2. Мы падкрэсліваем, што ідэя стварэння нацыянальнага руху ў нашым разуменні ніяк не азначае дыскрымінацыі нацыянальных ці канфесійных меншасцяў, а наадварот, адкрывае ўсім грамадзянам Беларусі, незалежна ад іх паходжання, нацыянальнасці ці веравызнання, магчымасць для паўнавартаснага ўдзелу ў грамадскім жыцці. БХД павінна праявіць сваю салідарнасць з усімі нацыянальнымі супольнасцямі Рэспублікі Беларусь у іх правах.

 

1.5.3. БХД лічыць, што распальванне нацыянальнай нянавісці, дыскрымінацыя грамадзян паводле этнічных і расавых прыкмет несумяшчальная з хрысціянскімі прынцыпамі і павінна карацца законам.

 

1.6. У сферы нацыянальнай палітыкі БХД выступае за:

 

1.6.1. – духоўнае абуджэнне на падставе хрысціянскіх прынцыпаў і светапогляду, у аснове якіх палягаюць свабода, вера, любоў, справядлівасць, роўнасць, салідарнасць і адказнасць;

 

1.6.2. – незалежную, дэмакратычную Беларусь, дзе абараняюцца правы і свабоды чалавека;

 

1.6.3. – вяртанне нашых нацыянальных сімвалаў – бел-чырвона-белага сцяга, герба "Пагоня”, гімна "Магутны Божа”;

 

1.6.4. – вяртанне гістарычных назваў вуліц і плошчаў, увекавечанне памяці беларускіх нацыянальных дзеячаў і герояў веры;

 

1.6.5. – належную абарону, аднаўленне і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, гісторыю і культуры;

 

1.6.6. – кансалідацыю грамадства вакол ідэяў духоўнага адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістрычнай пераемнасці і адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру;

 

1.6.7. – згуртаванне ўсіх здаровых сіл грамадства ў барацьбе з наступствамі чарнобыльскай трагедыі, выміраннем беларускай нацыі, алкагалізмам, наркаманіяй і маральнай дэградацыяй;

 

1.6.8. – павагу да іншых народаў і культур, свабоднае развіццё нацыянальных меншасцяў, іх моў і культур Беларусі;

 

1.6.9. – лідэрства партыі хрысціянскай дэмакратыі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця як партыі народнай большасці.

 

Навіны па тэме