Мінздар Беларусі падтрымлівае прапановы БХД па дэалкагалізацыі, “палатку” – усё задавальняе

20.05.2015, 17:18  |  Галоўныя навіны, Палітыка

У адказ на калектыўны зварот грамадзян у межах кампаніі беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў "Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” Міністэрства аховы Беларусі паведамляе каардынатару кампаніі Вользе Кавальковай, што падзяляе выказанае ў звароце меркаванне, "што праблема п’янства і алкагалізму працягвае заставацца адной з самых сацыяльна значных і актуальных для нашага грамадства”.

 

"Большасць з пералічаных у калектыўным звароце прапаноў Міністэрства лічыць абгрунтаванымі і мэтазгоднымі”, - гаворыцца ў адказе ад 7 траўня за подпісам першага намесніка міністра Дзмітрыя Піневіча.

 

Паводле яго, некаторыя з гэтых прапаноў раней Мінздар раней прапаноўваў унесці ў заканадаўства (дазволіць продаж алкаголю толькі ў асобных залах з асобным уваходам, абмежаваць гандаль алкаголем з 21:00 до 09:00 і не прадаваць яго асобам да 21 года, істотна павялічваць акцызы і цэны на алкаголь, цалкам забараніць рэкламу алкаголю).

 

Апроч таго, у распрацоўваемы законапраект "Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчаючай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту” ўнесеныя прапановы: забараніць у рознічным гандлі прадаваць тавары дзяцей разам з алкагольнымі напоямі; прадугледзець забарону продажу алкаголю на АЗС; забараніць продаж алкаголю на аб’ектах паштовай сувязі і аб’ектах побытавага абслугоўвання насельніцтва.

 

"Міністэрства дзякуе Вам за грамадзянскую пазіцыю па дадзеных пытаннях”, - адзначае Дзмітрый Пінкевіч.

 

Дзякуюць Вользе Кавальковай і часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Алег Каразей. Паводле яго, па ініцыятыве МУС ва ўзгаданы законапраект унесеныя прапановы па абмежаванні продажу алкаголю з 09:00 до 22:00, забароне рэалізацыі алкаголю па-за ізаляваных аб’ектаў. "У працы дапаўненні па забароне гандлю алкагольнымі напоямі на аўтазаправачных станцыях”, - паведамляе Алег Каразей.

 

А вось Міністэрства гандлю (адказ за подпісам намесніка міністра Ірыны Наркевіч), Мінгарвыканкам (падпісаў адказ намстаршыні Ігар Карпенка) і Палата прадстаўнікоў (старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтву Уладзімір Пузырэўскі) вырашылі абмежавацца канстатацыяй і апісаннямі таго, што зроблена. "Нашай дзяржавай праводзіцца паслядоўная палітыка па барацьбе з алкаголем”, - адзначае Уладзімір Пузырэўскі. І гэта пры тым, што па розных ацэнках Беларусь так ці інакш уваходзіць у топ-10 краін свету па ўзроўні спажывання алкаголю.

 

«Праграма дзяржаўнай палітыкі за апошнія чатыры гады ніколі не выконвалася, пакуль мы не пачалі кампанію. Зараз улады спрабуюць неяк змяніць заканадаўства, бо баяцца крытыкі ў свой бок, бо ў прынцыпе нічога не робяць у кірунку дэалкагалізацыі», – адзначае каардынатар кампаніі "Абаронім дзяцей ад алкаголю” Вольга Кавалькова.

Навіны па тэме