Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. ЦАРКВА

20.05.2015, 17:27  |  Навіны » БХД

Сайт bchd.info працягвае публікацыю частак праекту абноўленай і пашыранай праграмы Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Праект праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі БХД 13 чэвреня. Заўвагі і праўкі просьба дасылаць на sieviaryniec@gmail.com.


 2.ЦАРКВА


2.1. Царква – сэрца грамадства


2.1.1. Хрысціянства – нацыятворчая сіла беларускай гісторыі і аснова беларускай нацыянальнай ідэі. Без веры ў Бога, без Бібліі, без Царквы немагчыма ані ўявіць сабе Беларусь, ані зразумець яе.

Хрысціянства стала падмуркам беларускай дзяржаўнасці, нацыянальнай палітыкі і культуры. Часы найвялікшага росквіту Беларусі былі неадрыўна звязаныя з развіццём хрысціянства на беларускіх землях.

 

Таму ацаленне грамадства і адбудова Беларусі як дзяржавы пасля вякоў бязбожжа і акупацыі немагчыма без умацавання царквы і хрысціянскага адраджэння краіны.

 

2.1.2. Мы вызнаем, што Царква – эпіцэнтр гісторыі, якую творыць Бог, і сэрца чалавечага грамадства. Менавіта стан хрысціянскіх цэркваў тысячу гадоў вызначаў аблічча і змест Беларусі, характар пакаленняў, маральнае здароўе грамадства і моц дзяржавы. Таму эфектыўнае і ўстойлівае развіццё беларускага грамадства ў сацыяльных, эканамічных, культурных і палітычных галінах магчыма толькі на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцей.

 

2.1.3. БХД прызнае роўныя правы за трыма братэрскімі канфесіямі – праваслаўем, каталіцтвам і пратэстантызмам. Беларускае хрысціянскае трыадзінства – падмурак для яднання нацыі і зарука адкрытасці Беларусі ўсяму свету.

 

2.1.4. У сваёй міжканфесійнай працы, палітыцы і ўзаемадачыненнях, якія патрабуюць удзелу вернікаў розных вызнанняў, мы зыходзім з прынцыпу святога Аўгустына: у галоўным – адзінства, у спрэчным – свабода, але ва ўсім – любоў.

 

2.1.5. У сваёй грамадскай і палітычнай працы мы арыентуемся на сацыяльныя канцэпцыі хрысціянскіх канфесіяў як на крыніцу глыбокіх сутнасных адказаў на выклікі і праблемы сучаснасці.

 

2.1.6. Мы разумеем: замяніць дзясяткі тысячаў карумпаваных чыноўнікаў і кіраўнікоў у выніку змены ўлады павінны сумленныя і адказныя людзі – без гэтага рэформы асуджаныя на правал. Патэнцыял усеахопнага, ачышчальнага кадравага абнаўлення мы бачым найперш ва ўцаркоўленых верніках. Толькі праз асабісты прыклад актыўнага удзелу хрысціянаў-прафэсіяналаў у палітычным і грамадскім жыцці краіны, нормы біблейскай этыкі могуць быць распаўсюджаны і прыняты ўсім грамадствам. Адпаведна, ядром партыі БХД мы бачым уцаркоўленых вернікаў і сумленных прафесіяналаў у сваіх сферах дзейнасці. Евангельская мараль з’яўляецца асновай для пабудовы унутрыпартыйных стасункаў і працы нашай партыі ў грамадстве.


2.2. Царкоўныя арганізацыі і свабода сумлення

 

2.2.1. БХД разглядае свабоду сумлення як свабоду трымацца тых або іншых прынцыпаў, поглядаў і перакананняў, свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не вызнаваць ніякай. Згодна з поглядамі БХД, свабода сумлення з’яўляецца найважнейшым правам чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве. Свабода веравызнання палягае ў тым, што кожная канфесія мае права свабодна існаваць і развівацца у Беларусі, калі яна не парушае законы Рэспублікі Беларусь і не мае дэструктыўнага ўхілу.

 

2.2.2. Кожны чалавек мае права выбіраць форму вызнання той або іншай рэлігіі публічна ці патаемна, аднаасобна ці сумесна з іншымі людзмі. Не павінна існаваць ніякіх абмежаванняў свабоднаму распаўсюду рэлігійных поглядаў і перакананняў. Кожны чалавек павінен мець права на вольнае навучанне асновам выбранай ім рэлігіі, мець права на вольныя рэлігійныя аб’яднанні і царкоўныя суполкі.

 

2.2.3. Царкоўныя арганізацыі таксама як і грамадскія арганізацыі павінны мець магчымасць свабодна ўзнікаць і дзейнічаць. БХД выступае за рэгістрацыю царкоўных суполак заяўным прынцыпам. Рэгістрацыя рэлігійнай арганізацыі з’яўляецца яе правам, а не абавязкам. Гэта значыць, што дзяржаўная рэгістрацыя царкоўных суполак не павінна быць абавязковай, калі самі суполкі не лічаць яе патрэбнай. Недапушчальна любое ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы царкоўных арганізацыяў, за выключэннем выпадкаў, калі маюць месца парушэнні закона.

 

2.3. Правы цэркваў


2.3.1. Царкоўныя арганізацыі акрамя ўласна рэлігійнай дзейнасці могуць ажыццяўляць і царкоўна-сацыяльную актыўнасць – дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы, нядзельныя школы і царкоўныя пачатковыя школы, удзельнічаць у ажыццяўленні сацыяльнай палітыкі ў якасці суб’екта нароўні з грамадскімі арганізацыямі.

 

2.3.2. БХД лічыць неабходным забяспечыць наступныя правы царкоўных супольнасцяў:

 

-права на публічныя пропаведзі і набажэнствы;

-права на выкладанне рэлігіі ў дзяржаўных і прыватных навучальных установах;

-права на выданне, куплю і продаж рэлігійнай літаратуры, часопісаў і газет;

-права на карыстанне сродкамі масавай інфармацыі, радыё і тэлебачаннем;

-права на дабрачынную дзейнасць і збор ахвяраванняў, гэтак жа як і на іншыя формы гаспадарчай і фінансавай дзейнасці, якія не супярэчаць закону;

-права на місіянерскую дзейнасць і на арганізацыю паломніцтва вернікаў да святых мясцін;

-права на ўтварэнне дзіцячых рэлігійных таварыстваў пры абавязковым захаванні прынцыпу добраахвотнасці;

-права на роўныя і справядлівыя адносіны з боку дзяржавы пры аказанні матэрыяльнай або іншай дапамогі;

-права на садзейнічанне з боку дзяржавы пры вяртанні і аднаўленні канфіскаваных або разбураных святыняў і пабудоў, што належалі рэлігійным арганізацыям;

-права на рэабілітацыю бязвінна рэпрэсаваных вернікаў, як святароў, так і міранаў, з абавязковай кампенсацыяй канфіскаванай маёмасці і прызначэннем адпаведнай пенсіі і іншай дапамогі;

-права на асабісты характар рэлігійных перакананняў ці іх адсутнасць з забаронай прымусовага атрымання звестак аб рэлігійных перакананнях грамадзян.


2.4. Актыўныя цэрквы – адраджэнне краіны

 

2.4.1. Відавочна, што дзяржава не ў стане спраўляцца з усімі сацыяльнымі праблемамі – і БХД выступае за дэлегаванне як мага большага ўдзелу ў іх вырашэнні цэрквам. Цэрквы могуць цёпла і годна рупіцца пра сіротаў, непаўнаспраўных, пажылых, аказваць дапамогу ў рэабілітацыі нарка- і алказалежных. Адначасова дзяржава мусіць аказваць бюджэтную падтрымку тым арганізацыям і ініцыятывам, якія актыўна займаюцца дабрачыннасцю. БХД – за перадачу ва ўласнасць такіх цэркваў пустуючых будынкаў, зямлі для пабудовы рэабілітацыйных цэнтраў, хоспісаў і дзіцячых летнікаў.

 

2.4.2. БХД будзе дамагацца фармавання дзяржаўнага заказу ў галіне сацыяльнай абароны з парытэтным фінансаваннем дабрачынных праграмаў уладай, цэрквамі і грамадскімі арганізацыяі праз сістэму тэндэраў.

 

2.4.3. БХД за тое, каб грамадзяне і юрыдычныя асобы, якія фінансуюць дабрачынную дзейнасць, ільгатаваліся ў аб’ёме не менш як 20% ад падатку на прыбытак.

 

2.4.4. БХД выступае за тое, каб надаць магчымасць царкоўным і грамадскім дабрачынным арганізацыям атрымліваць у арэнду аб’екты рэспубліканскай і камунальнай уласнасці без праходжання конкурсных працэдураў (аукцыёнаў).

 

2.4.5. БХД за вызваленне рэлігійных арганізацыяў ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе ў краіну багаслужбовай літаратуры і прадметаў, неабходных для рэлігійнай дзейнасці.

 

2.4.6. БХД патрабуе вяртання адабраных савецкай уладай храмаў і капліцаў ва ўласнасць цэркваў. Землі, якімі валодалі цэрквы (да 1917 года) у большасці выпадкаў вярнуць немагчыма – але з улікам прымусовай і гвалтоўнай канфіскацыі ў часы камузнізму ўлада мусіць прапанаваць участкі пад дапаможныя пабудовы ды царкоўную гаспадарку.

 

2.4.7. БХД будзе дамагацца таго, каб надаць рэлігійным арганізацыям права на стварэнне ўстановаў духоўнай адукацыі, і ўвядзенне іх у пералік установаў адукацыі, нароўні з іншымі, замацаванымі заканадаўча, а таксама за ўраўнаванне ў правах студэнтаў і выкладчыкаў духоўных навучальных установаў са студэнтамі і выкладчыкамі іншых установаў адукацыі.

 

2.4.8. БХД выступае за тое, каб замацаваць за царкоўнымі арганізацыям права на стварэнне прыватных школаў і агульнаадукацыйных навучальных установаў.

 

2.4.9. БХД выступае за стварэнне ўплывовых назіральных радаў з удзелам прадстаўнікоў цэркваў на асноўных дзяржаўных і грамадскіх тэлеканалах.

Навіны па тэме