Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. АСОБА І СУПОЛЬНАСЦЬ

21.05.2015, 16:57  |  Навіны » Грамадства

Сайт bchd.info працягвае публікацыю частак праекту абноўленай і пашыранай праграмы Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Праект праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі БХД 13 чэвреня. Заўвагі і праўкі просьба дасылаць на sieviaryniec@gmail.com.
 

3. Асоба і супольнасць

 

 

БХД выступае за пабудову Беларусі як дэмакратычнай, прававой дзяржавы. Вынікам дзяржаўнага будаўніцтва мы бачым грамадства, заснаванае на прынцыпах самакіравання вольных грамадзян. Правы кожнага грамадзяніна павінны знаходзіцца ў гарманічнай раўнавазе з правамі дзяржавы і сям’і.


 

3.1. Свабода, салідарнасць і адказнасць


 

3.1.1. Кожны чалавек вольны ў вызначэнні свайго лёсу, ён сам выбірае сабе жыццёвы шлях. Свабода дадзена чалавеку ад Бога і таму ні грамадства, ні дзяржаўны лад, ні якія-небудзь ідэалагічныя догмы не могуць пазбавіць чалавека свабоды.

 

3.1.2. Кожны чалавек мае права свабодна развіваць сваю асобу і ўдзельнічаць у палітычным, эканамічным і культурным жыцці так, як ён абярэ.

 

3.1.3. БХД лічыць, што дзяржава павінна абараняць і гарантаваць усе асноўныя правы чалавека:

-свабоду сумлення і свабоду перакананняў як свабоду прытрымлівацца любой ідэалогіі і права распаўсюджваць розныя ідэі, акрамя прапаганды ґвалту, парнаграфіі, міжнацыянальнай, сацыяльнай і рэлігійнай варожасці.

-свабоду сходаў, мітынгаў, шэсцяў і дэманстрацыяў. У заканадаўстве павінен быць замацаваны заяўны прынцып такіх акцыяў, а не дазволу на іх правядзенне;

-свабоду слова;

-свабоду стварэння палітычных партыяў, грамадскіх і рэлігійных арганізацыяў (абмежаванню належаць толькі арганізацыі, якія распаўсюджваюць ідэі нянавісці, ґвалту і вайны);

-свабоду веравызнанняў, місіянерства, пропаведзі, рэлігійнага выхавання і адукацыі, доступу веруючых да сродкаў масавай інфармацыі;

-недатыкальнасць асобы, яе жылля і прыватнай уласнасці.

 

3.1.4. Cправядлівасць грунтуецца на аднолькавай павазе годнасці кожнага чалавека. Прынцып справядлівасці патрабуе аднолькавай роўнасці перад законам, роўных умоў у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці.

 

3.1.5. Салідарнасць – гэта гатоўнасць кожнага чалавека падтрымліваць адзін аднаго, узаемадапамога людзей. Спагада, спачуванне, узаемапавага – аснова салідарнасці. Салідарнасць дае тое, чаго немагчыма дасягнуць прымусам. Гэта падмурак агульнага дабрабыту і дабрабыту кожнага з нас.

 

3.1.6. Адказнасць азначае захаванне і развіццё духоўнай, культурнай, матэрыяльнай спадчыны, якую мы атрымалі ад мінулых пакаленняў. Задача сённяшняга пакалення палягае ў адраджэнні нашай прыроднай, гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчыны, пераасэнсаванні мінулага шляху Беларусі – і ў нацыянальным пакаянні.

 

3.1.7. БХД выступае за:

-прававую дзяржаву, у якой усе роўныя перад законам;

-грамадства, заснаванае на прынцыпе самакіравання вольных грамадзян;

-недапушчэнне прыгнёту і дыскрымінацыі ні паводле рэлігійных, палітычных перакананняў, ні паводле сацыяльнай, этнічнай, нацыянальнай, прафесійнай прыналежнасці, ні паводле полавага ці ўзроставага падзелу альбо на якой-небудзь іншай падставе;

-свабоду асобы развівацца, абіраць свой жыццёвы шлях, мець перакананні і дзейнічаць адпаведна з імі;

-абарону палітычных, грамадзянскіх і сацыяльных правоў.


3.2. Актыўныя грамадзяне ў вырашэнні грамадскіх праблем

 

3.2.1. БХД зыходзіць з таго, што развітая грамадзянская супольнасць з’яўляецца гарантыяй паспяховага вырашэння сацыяльных праблем, дае магчымасць паменшыць дзяржаўную прысутнасць у розных сферах грамадскага жыцця за кошт самарганізацыі грамадзян і іх актыўнага ўдзелу ў жыцці супольнасцяў і грамадства ў цэлым.

 

3.2.2. У нашым разуменні грамадзянская супольнасць – гэта сукупнасць форм актывізму ў прасторы сацыяльных адносін, куды не ўваходзіць барацьба за палітычную ўладу, дзяржаўнае кіраванне і бізнэс. Такімі формамі актывізму з’яўляюцца адносіны паміж людзьмі, іх дзеянні, дамоўленасці, формы ўзаемадачыненняў, якія маюць не прыватны, а сацыяльны характар. Такі актывізм часта набывае арганізаванасць у выглядзе фармальных і нефармальных грамадскіх арганізацыяў, ініцыятыў, рухаў і асацыяцыяў грамадзян. Яны існуюць дзеля прадстаўніцтва і прасоўвання інтарэсаў шматлікіх сацыяльных груп, дзеля садзеяння вырашэнню грамадскіх праблем, дзеля спрыяння самаарганізацыі грамадзян, укаранення ў грамадстве каштоўнасцяў плюралізму і дэмакратыі, дзеля вынаходніцтва новых ведаў, удзелу ў сацыялізацыі грамадзян, пашырэнні сацыяльнага капіталу ў грамадстве, аказання грамадска значных паслуг.

 

3.2.3. БХД бачыць некалькі асноўных праблем, якія мы мусім вырашаць у грамадзянскай супольнасці. Гэтыя праблемы з’яўляюцца асноватворнымі з гледзішча якаснага развіцця грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

 

3.2.4. Па-першае, перад беларускімі грамадскімі арганізацыямі стаіць неабходнасць дасягнення кансэнсусу па базавых каштоўнасцях як, напрыклад, дэмакратычны лад у дзяржаве, адраджэнне беларускай мовы, незалежнасць беларускай дзяржавы.

 

3.2.5. Па-другое, нізкая ступень грамадзянскай і палітычнай мабілізацыі насельніцтва, што звязана, у тым ліку, з моцнай унутранай ізаляванасцю, калі людзі самаадхіляюцца ад удзелу ў грамадскім жыцці, замкнёныя на самастойнае вырашэнне прыватных праблем, якія маюць сацыяльныя карані. Што тычыцца нізкай мабілізацыі насельніцтва, то гэта з’яўляецца галоўнай пагрозай развіцця дэмакратыі знізу. Мы разумеем, што пасля ўсталявання дэмакратычнага ладу ў Беларусі паспяховаць і хуткасць станаўлення дэмакратычных працэдур будзе залежаць ад палітычнай і грамадзянскай актыўнасці людзей і іх даверу да новых уладаў як на рэспубліканскім узроўні, так і на месцах.

 

3.2.6. Мы бачым неабходнасць фармавання мадэлі трохбаковага партнёрства паміж грамадзянскай супольнасцю, дзяржавай і бізнэсам дзеля ўстойлівага развіцця і вырашэння грамадскіх праблем. Прычым такое партнёрства не азначае, што грамадзянская супольнасць стане правадніком дзяржаўнай палітыкі, палітычных інтарэсаў ці інтарэсаў бізнэса. Грамадзянская супольнасць у дачыненнях з дзяржавай і бізнэсам будзе раўнапраўным партнёрам. Наша бачанне такога партнёрства грунтуецца на ўяўленні пра няздатнасць дзяржавы вырашаць усе грамадскія праблемы самастойна і абмежаванасць рынкавых адносін для сацыяльнай сферы грамадства. З гэтага вынікае зацікаўленасць абмежаванай дзяржавы і сацыяльна адказнага бізнэсу ў сумеснай працы з грамадзянскай супольнасцю дзеля агульнага дабра.

 

3.2.7. У дзяржаўнай палітыцы ў розных галінах, у тым ліку ў сацыяльнай і моладзевай палітыцы, ўрад будзе фармуляваць асноўныя кірункі, мэты і прыярытэты палітыкі, але ў яе рэалізацыі значная роля належыць паветам, мясцоваму самакіраванню, а таксама грамадскім арганізацыям. Частка сродкаў будзе размяркоўвацца ў паветах і на месцах сярод грамадскіх арганізацыяў, якія працуюць у сацыяльным сектары.

 

3.2.8. БХД выступае за свабоднае ўтварэнне грамадскіх арганізацыяў і іх рэгістрацыю заяўным прынцыпам. Кантролем над дзейнасцю грамадскіх арганізацыяў займаецца Міністэрства юстыцыі. Грамадская арганізацыя можа быць ліквідавана толькі па рашэнні суда ў выпадку грубага і сістэматычнага парушэння заканадаўства.

 

3.2.9. БХД лічыць неабходным спрыяць дзяржаўнай падтрымцы тых грамадскіх арганізацый, якія аказваюць дапамогу дзецям-сіротам, пацярпелым, непаўнаспраўным, выхоўваць падлеткаў і моладзь на грунце хрысціянскай маралі, патрыятызму: хосьпісам, дабрачынным установам, асветніцкім і рэабілітацыйным цэнтрам, арганізацыям, таварыствам ананімных алкаголікаў – ахвярам палітычных рэпрэсій і г.д.


3.3. Свабода слова і інфармацыі. Сродкі масавай інфармацыі

 

3.3.1. БХД разглядае свабоду слова як адну з асноўных дэмакратычных свабод, без якой немагчыма існаванне дэмакратычнай дзяржавы. У грамадстве маюць права агучвацца самыя разнастайныя ідэі і погляды, калі яны не з’яўляюцца злачыннымі. БХД лічыць неабходным свабоднае асвячэнне дзейнасці дзяржаўных органаў, палітыкаў, чыноўнікаў, калі гэта не парушае дзяржаўныя сакрэты. Свабоднае асвятленне дзейнасці дзяржаўных органаў мусіць ажыццяўляцца на падставе прынцыпу свабоды інфармацыі, што патрабуе спецыяльнага закона. БХД будзе дамагацца прыняцця адпаведнага закона, згодна з якім усе палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, СМІ і любы грамадзянін могуць атрымаць поўны доступ да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў.

 

3.3.2. Свабода інфармацыі будзе з’яўляцца інструментам рэалізацыі грамадскага кантролю над дзяржаўнымі органамі, барацьбой з карупцыяй і злоўжываннямі ўладай. У тых выпадках, калі закон "Аб свабодзе інфармацыі” не будзе распаўсюджвацца на дзяржаўныя сакрэты, але гэтая інфармацыя звязана з расследаваннем злачынстваў, то пры наяўнасці абгрунтаваных падстаў да яе можна будзе атрымаць доступ па рашэнні суда.

 

3.3.3. БХД таксама выступае за свабоднае асвятленне дзейнасці прыватных прадпрыемстваў і асоб, калі гэта дзейнасць мае грамадскае значэнне. Пры гэтым не павінна парушацца камерцыйная таямніца, патэнтнае заканадаўства або права на недатыкальнасць і таямніцу прыватнага жыцця. Выключэнні могуць складаць толькі сітуацыі, звязаныя з захаваннем жыцця, бяспекі і здароўя людзей. Любое парушэнне таямніцы прыватнага жыцця, калі гэта не звязана з расследаваннем злачынстваў, павінна карацца па закону. Грамадства і кожны персанальна чалавек мае права доступу да любой грамадска значнай інфармацыі. Дзеля гэтага мусяць свабодна існаваць і працаваць у роўных умовах самыя разнастайныя сродкі масавай інфармацыі. Свабодныя і незалежныя СМІ з’яўляюцца неабходнай умовай для добрага грамадскага абмеркавання.

 

3.3.4. Уступленне чалавецтва ў інфармацыйную эру, шырокі распаўсюд інтэрнэту і новых тэхналогіяў дазваляюць забяспечваць дзяржаўныя паслугі насельніцтву на якасна іншым ўзроўні. Паколькі БХД бачыць дзяржаву як інстытут, які закліканы да эфектыўнага задавальнення надзённых патрэбаў грамадства, то мы будзем рэалізоўваць і развіваць ў Беларусі праграму "Інтэрнэт-урад” – сістэму мер па абслугоўванню грамадзян і павышэнню эфектыўнасці функцыянавання органаў улады і дзяржаўных устаноў праз выкарыстанне віртуальнай прасторы і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.

 

3.3.5. Рэалізацыя праграмы "Інтэрнэт-урада” будзе ажыццяўляцца з удзелам бізнэсу як на рэспубліканскім узроўні, так і на рэгіянальным і мясцовым узроўнях, што будзе спрыяць павышэнню якасці бюракратычных і грамадскіх паслуг. Мэтазгодна паступова пашыраць гэтую практыку (выкарыстанне інтэрнэту і новых тэхналогіяў) на самыя розныя сферы жыцця грамадства.

 

3.3.6. БХД выступае за стварэнне ў Беларусі Нацыянальнага тэлебачання і радыё. Новая тэлерадыёкампанія будзе знаходзіцца ва ўласнасці грамадства, кіраванне якой будзе ажыццяўляць Рада з прадстаўнікоў вядучых палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў, прафсаюзаў, цэркваў, вядомых грамадскіх і культурных дзеячаў. Гэта дазволіць выпрацоўваць збалансаваную і незалежную эфірную палітыку, не падпарадкаваную інтарэсам асобных груп. Фінансаванне грамадскай тэлерадыёкампаніі будзе ажыццяўляцца за кошт адмысловага абаненцкага збору, які будуць сплочваць усе ўладальнікі тэле- і радыёпрымачоў. Нацыянальная тэлерадыёкампанія будзе мець цэнтральны офіс і рэгіянальныя аддзяленні, што дазволіць ствараць агульнанацыянальную частку эфіру, а таксама інфармацыйны прадукт спецыяльна для кожнага з рэгіёнаў.

 

3.3.7. Стварэнне Нацыянальнага тэлебачання накіравана на фармаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці, нацыянальна самасвядомасці і маралі мусіць спрыяць пазітыўнаму грамадзянскаму і сацыяльнаму выхаванню, трансляваць ў грамадства станоўчыя мадэлі паводзін, прапагандаваць здаровы лад жыцця, хрысціянскія маральныя прынцыпы і нацыянальную культуру. Нацыянальная тэлерадыёкампанія мусіць стаць вядучым сродкам масавай інфармацыі па крытэрыі якасці эфіра, прафесіяналізму журналістаў і ахопу аўдыторыі. Нацыянальная тэлерадыёкампанія мусіць ствараць інфармацыйны прадукт, накіраваны на ўсе ўзроставыя катэгорыі, разнастайны па сваіх жанрах: духоўны, аналітычны, навінны, навукова-пазнавальны, развіццёвы, забаўляльны, мастацкі і г.д., то бок мусіць арыентавацца на інтарэсы ўсяго грамадства.

 

3.3.8. Асаблівае значэнне займае глабальная інфармацыйная сетка інтэрнэт, якая стала на сённяшні дзень галоўнай крыніцай распаўсюду інфармацыі. Інтэрнэт дае вялікія магчымасці для СМІ і кожнага чалавека ў атрыманні і распаўсюдзе інфармацыі, выказванні сваіх думак. БХД разумее важнасць максімальна шырокага распаўсюду інтэрнэту, канкурэнцыі на рынку правайдэраў, павелічэння якасці інтэрнэт паслуг і памяншэння іх кошту. Наша мэта заключаецца ў тым, каб забяспечыць бясплатны інтэрнэт у навуковых установах і ва ўстановах адукацыі: у школах, сярэдніх спецыяльных установах і вышэйшых навучальных установах. БХД лічыць, што інтэрнэт мусіць заставацца свабодным асяроддзем і выступае супраць палітычнай цэнзуры ў інтэрнэце. Разам з тым, неабходна вялікую ўвагу надаваць барацьбе са злачыннасцю у інтэрнэт-прасторы.

 

3.3.9. Дзяржава мусіць мець выразную медыйную палітыку, накіраваную на абарону грамадства ад разбуральнай інфармацыі. Да такой інфармацыі адносяцца парнаграфічныя матэрыялы, прапаганда гвалту, дыскрымінацыі, знявагі чалавека, амаральнай мадэлі паводзін у выглядзе відэа, аўдыё матэрыялаў, літаратурных твораў, любых візуальных выяў і тэатральных пастановак. Недапушчальная дэманстрацыя такіх інфармацыйных матэрыялаў у дзяржаўных і грамадскіх СМІ, а таксама любым іншым чынам у ранішні, дзённы і ранні вячэрні час, у грамадскіх месцах, дзе магчымая прысутнасць дзяцей і падлеткаў.

 

3.3.10. БХД выступае за прыняцце Кодэксу журналісцкай этыкі, які будзе прызнаны ўсёй журналісцкай супольнасцю Беларусі незалежна ад віду медыйнага рэсурса і формы ўласнасці. У гэтым Кодэксе будуць замацаваныя асноватворныя прынцыпы адказнасці журналіста перад грамадствам, законам і журналісцкай супольнасцю.


3.4. У галіне СМІ БХД выступае за:

 

3.4.1. свабоду слова як фундаментальнае права і адну з асноўных умоў функцыянавання дэмакратыі;

 

3.4.2. прыняцце закона "Аб свабодзе інфармацыі”;

 

3.4.3. гарантаванне і захаванне камерцыйнай таямніцы і таямніцы прыватнага жыцця;

 

3.4.4. развіццё сістэмы мер па абслугоўванню насельніцтва пад назвай "Інтэрнэт- ўрад” і шырокае прымяненне ва ўсіх сферах жыцця грамадства інтэрнэту і новых тэхналогіяў;

 

3.4.5. свабоду інтэрнэту і недапушчэнне палітычнай цэнзуры і іншых абмежаванняў, калі гэта не парушае закон;

 

3.4.6. канкурэнцыю ў сферы прадастаўлення паслуг доступу да інтэрнэту, павелічэнне якасці паслуг і зніжэнне коштаў на інтэрнэт-паслугі;

 

3.4.7. рынкавыя адносіны ў медыйнай прасторы;

 

3.4.8. разнастайнасць сродкаў масавай інфармацыі, іх роўнасць і гарантыю журналістам свабоднага ажыццяўлення сваёй прафесійнай дзейнасці;

 

3.4.9. стварэнне Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі;

 

3.4.10. абарону дзяцей і падлеткаў ад разбуральнай інфармацыі (парнаграфіі, прапаганды гвалту, дыскрымінацыі, знявагі да чалавека, амаральнай мадэлі паводзін);

 

3.4.11. прыняцце кодэксу журналісцкай этыкі.


3.5. Развіццё навукі як нацыянальны прыярытэт

 

3.5.1. Навука для нас – гэта спосаб даследавання і спазнання свету, створанага Богам. Мэтай гэтага спосабу ёсць не столькі выяўленне матэрыяльных магчымасцей і не змяненне закладзеных Творцам у чалавека законаў жыцця – а найперш агульнае дабро.

 

3.5.2. Мы памятаем, што Беларусь дала свету геніяльных навукоўцаў – даследчыкаў Азіі і Амерыкі: Мікалая Пржэвальскага, Яна Чачэрскага, Ігната Дамейкі, Язэпа Гашкевіча; палеагеографа Гаўрыла Гарэцкага, заснавальніка глебазнаўства Васіля Дакучаева, вынаходніка ракетаў Казіміра Семяновіча і стваральніка звышгукавых рэактыўных самалетаў Паўла Сухога, вядучых канструктараў амерыканскай астранаўтыкі Барыса Кіта і савецкай касманаўтыкі Сямёна Косбэрга, прабацьку радыё Якуба Наркевіча-Ёдку і патрыярха кібернэтыкі Аляксандра Маліноўскага, нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне хіміі Ілью Прыгожына і фізікі Жарэса Алфёрава, заснавальніка сучаснай медыяіндустрыі Давіда Сарнова, многіх іншых – і згадваем, што большасць з іх сумяшчала адданасць навуцы з верай у Бога.

 

3.5.3. Навука ў сучасным свеце робіцца галоўнай вытворчай сілай грамадства. Мы ганарымся тым, што Беларусь дала чалавецтву столькі вынаходнікаў і навуковых адкрыццяў. Беларусь імкнецца заняць месца сярод навукаёмістых і тэхналагічных эканомік свету, таму развіццё навуковых даследаванняў, выкарыстанне навуковых распрацовак у вытворчасці з’яўляецца для нас важнай задачай. Гэта патрабуе перагледзець сістэму фінансавання навукі. БХД выступае за стварэнне дзяржаўных фондаў для фінансавання навуковых даследаванняў, якія будуць размяркоўваць бюджэтныя сродкі і вылучаць гранты на правядзенне навуковых даследаванняў. Дзяржава мусіць звяртаць увагу і аказваць падтрымку ўсім навукам – і прыродазнаўчым, і тэхнічным, і сацыяльным, і гуманітарным.

 

3.5.4. Неабходна аднавіць самакіраванне Нацыянальнай Акадэміі навук. БХД лічыць неабходным стварыць асобнае Міністэрства навукі і тэхналогіяў, якое будзе займацца выпрацоўкай і ажыццяўленнем дзяржаўнай палітыкі ў галіне падтрымкі і развіцця навукі, садзеяннем развіццю навукі і навуковага патэнцыялу, інфраструктуры і чалавечага рэсурса навукі, паглыбленнем сувязяў з сусветнымі ўстановамі навукі. Навуковыя даследаванні мэтазгодна перавесці з НДІ ва універсітэты.

 

3.5.5. У кантэксце сацыяльнай адказнасці бізнэсу будзе вітацца актыўны ўдзел у падтрымцы навукі прыватнага капіталу, стварэнне прыватных фондаў і мецэнацтва. БХД з’яўляецца прыхільніцай глыбокай міжнароднай кааперацыі ў навуцы і даследаваннях.

 

3.5.6. Для паўнавартаснага развіцця навукі неабходна вярнуць навуковай працы прэстыж і павагу ў беларускім грамадстве, забяспечыць высокія заробкі навуковым супрацоўнікам на ўзроўні сярэднееўрапейскіх.


Навіны па тэме