Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. ДЗЯРЖАЎНЫ ЛАД

22 мая 2015 13:45  |  Палітыка

Сайт bchd.info працягвае публікацыю частак праекту абноўленай і пашыранай праграмы Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Праект праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі БХД 13 чэвреня. Заўвагі і праўкі просьба дасылаць на [email protected].
 

4. ДЗЯРЖАЎНЫ
ЛАД

4.1. Дзяржаўны лад і выбарчае заканадаўства

 

4.1.1.
Беларусь павінна быць незалежнай нацыянальнай і дэмакратычнай дзяржавай.

 

4.1.2.
У грамадска-палітычным жыцці БХД спавядае асноватворны прынцып размеркавання
адказнасці і паўнамоцтваў – прынцып субсідыярнасці. Так, рашэнні павінны
прымацца на тым узроўні, на якім яны найбольш эфэктыўна выконваюцца. Мы
выступаем за абмежаванне паўнамоцтваў дзяржавы, за кампактны ўрад і моцнае
мясцовае самакіраванне.

 

4.1.3.
Паводле дзяржаўнага ўладкавання Беларусь мусіць заставацца ўнітарнай дзяржавай.

 

4.1.4.
Мы выступаем за рэальнае існаванне і адасабленне двух тыпаў улады ў Беларусі:
дзяржаўнай і муніцыпальнай.

 

4.1.5.
БХД лічыць неабходным правесці адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу і
скасаваць існуючы сёння ў Беларусі адміністрацыйны падзел на 118 раёнаў і 6
абласцей. З пункту погляду аптымізацыі дзяржаўнага кіравання мэтазгодна ўвесці
адміністрацыйны падзел на 21 павет і сталічны горад Менск як асобную
адміністрацыйную адзінку. Рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу
Беларусі скароціць колькасць бюракратычных узроўняў. Такім шляхам мы знізім
выдаткі на ўтрыманне чыноўнікаў, якіх стане значна менш, і павысім якасць
кіравання дзяржавай з перадачай істотных паўнамоцтваў у рэгіёны і на месцы – у
паветы, муніцыпалітэты і воласці.

4.2. Арганізацыя
рэспубліканскай улады

 

4.2.1.
Галоўным прынцыпам у вызначэнні кіруючых асоб усіх узроўняў будзе выбарнасць.

 

4.2.2.
Найбольш прымальнай формай дзяржаўнага ладу для Беларусі з’яўляецца змешаная прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка.
Уладныя паўнамоцтвы павінны быць размеркаваны паміж галінамі ўлады такім чынам,
каб адна галіна кантралявала іншую і паміж імі быў баланс. Мы зыходзім з
пазіцыі, што ў Беларусі павінна паўстаць такая сістэма, каб было немагчыма
ўзнікненне дыктатуры на нашай зямлі, уся паўната дзяржаўнай улады не можа быць
засяроджана ў адных руках, але адначасна, каб не дапусціць анархіі і
безадказнасці.

 

4.2.3. Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком
дзяржавы, абіраецца ўсенародным галасаваннем тэрмінам на 4 гады і не больш чым
на 2 тэрміны. Прэзідэнт вызначае знешнюю палітыку, валодае пытаннямі
нацыянальнай бяспекі і абароны, з’яўляецца гарантам Канстытуцыі. Прэзідэнту
належаць прадстаўнічыя функцыі, а менавіта прадстаўніцтва Беларусі на
міжнароднай арэне і акрэдытацыя дыпламатычных місіяў. Прэзідэнт можа накласці
вета на законапраект, але Сойм і Сенат могуць пераадолець вета Прэзідэнта 2/3
галасоў. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Прэзідэнт уносіць
кандыдатуры суддзяў вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў
і іншых вышэйшых дзяржаўных службоўцаў для зацвярджэння іх Сенатам Рэспублікі.
Прэзідэнт можа распусціць Сойм у выпадку працяглага парламенцкага крызісу,
немагчымасці фармавання ўрада, і прызначыць новыя выбары.

 

4.2.4. Канцлер узначальвае Ўрад. Канцлер
вызначае са згоды Сойма палітыку па сацыяльна-эканамічных і ўнутрыпалітычных
пытаннях. Кандыдатуру Канцлера прапаноўвае на зацвярджэнне Сойму Прэзідэнт.
Вызначэнне Канцлера і фармаванне Ўрада
залежыць ад растаноўкі палітычных сіл у Сойме. Канцлер прызначае міністраў.
Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Сойму і Прэзідэнту.

 

4.2.5.
Мы лічым мэтазгодным, каб ПарламентБеларусі складаўся з дзвюх палат: ніжняй палаты – Сойма і верхняй палаты –
Сената.

 

4.2.6. Сойм абіраецца на ўсеагульных выбарах
тэрмінам на 4 гады па прапарцыйнай выбарчай сістэме. Для праходжання ў Сойм
будзе ўведзены 4-працэнтны электаральны бар’ер, каб забяспечыць стабільнасць
палітычнага прадстаўніцтва. Колькасць дэпутатаў Сойма павінна складаць 135
дэпутатаў. Найважнымі функцыямі Сойма павінны стаць прыняцце законаў, вызначэнне
Канцлера і фарміраванне Ўрада, зыходзячы з палітычнай растаноўкі сіл у Сойме,
кантроль за Ўрадам. Сойм узначальвае Маршалак
соймавы
, які абіраецца дэпутатамі Сойма з іх ліку.

 

4.2.7. Сенат складаецца з 45 дэпутатаў: па 2
сенатара ад кожнага павета і 3 ад горада Менска, якія будуць абірацца на прамых
выбарах насельніцтвам павета на 5 гадоў. Гэты інстытут палітычнай сістэмы
дазволіць паветам прымаць удзел у вызначэнні дзяржаўнай палітыкі і ажыццяўленні
дзяржаўнай улады на рэспубліканскім узроўні. Усе рэспубліканскія законапраекты
павінны прайсці адабрэнне ў Сенаце, каб стаць законамі. Тым самым, будуць
забяспечаны інтарэсы паветаў. Сенат будзе зацвярджаць на пасадах суддзяў
вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў і кандыдатуры на
іншыя дзяржаўныя пасады. Сенат узначальвае Маршалак
вялікі
.

 

4.2.8. Парламент можа адхіліць Прэзідэнта ад улады ў
выпадку здзяйснення ім злачынства або стварэння пагрозы незалежнасці. Для гэтага
Сойм можа вынесці абвінавачанне, якое разглядае Сенат. Для прыняцця рашэння
неабходна кваліфікаваная большасць галасоў (2/3) у Сенаце.

4.3. Арганізацыя дзяржаўнай улады на павятовым узроўні

 

4.3.1.
БХД лічыць неабходным перадаць у паветы істотныя ўладныя паўнамоцтвы, якія
будуць падзелены паміж выканаўчай і прадстаўнічай уладамі павета.

 

4.3.2.
Выканаўчая ўлада ў павеце належыць Павятоваму
Старасце
, які абіраецца непасрэдна насельніцтвам павета тэрмінам на 4 гады.
Павятовы Стараста ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва паветам, ён
падсправаздачны зямельнаму органу прадстаўнічай улады – Сойму павятоваму.

 

4.3.3.
Выканаўчая ўлада павета павінна забяспечыць ажыццяўленне палітыкі на сваіх
тэрыторыях па такіх кірунках, як ахова грамадскага парадку і барацьба са
злачыннасцю, адукацыя, ахова навакольнага асяроддзя, ахова здароўя, рэгіянальнае
эканамічнае развіццё, сямейная, моладзевая, гендэрная палітыкі, паслугі ў сферы
культуры, спорту, турызму і вольнага часу, грамадзянская абарона, будаўніцтва і
эксплуатацыя дарог рэгіянальнага значэння.

 

4.3.4. Сойм павятовы – орган прадстаўнічай
улады павета, які абіраецца насельніцтвам павета на прамых выбарах па
мажарытарнай сістэме простай большасці тэрмінам на 4 гады. З ліку дэпутатаў
абіраецца Маршалак павятовы.

 

4.3.5. Колькасць дэпутатаў Сойма павятовага вызначаецца ў залежнасці ад колькасці жыхароў
павета, якія валодаюць выбарчым правам, і павінна складаць не менш за:

 

21
– у павеце з колькасцю жыхароў да 250 000;

 

31
– у павеце з колькасцю жыхароў ад 250 000 да 400 000;

 

41
– у павеце з колькасцю жыхароў болей за 400000

 

4.3.6. Сойм
павятовы, надзелены заканадаўчай ініцыятывай, кантралюе дзейнасць адміністрацыі
Павятовага Старасты, ўводзіць рэгіянальныя падаткі і зборы і выконвае іншыя
функцыі, аднесеныя ў кампетэнцыю рэгіянальнага ўзроўню. Рашэнні Павятовай
Асамблеі па пытаннях, якія знаходзяцца ў яе выключнай кампетэнцыі, не
падлягаюць адмысловаму кантролю з боку рэспубліканскіх улад. Аднак гэтыя
рашэнні могуць быць разгледжаны адміністрацыйным судом у парадку абскарджання
жыхарамі павета або адменены Канстытуцыйным судом у выпадку парушэння Канстытуцыі
Рэспублікі Беларусь.

4.4. Выбары

 

4.4.1.
Свабодныя дэмакратычныя частыя выбары з’яўляюцца асноўнай формай функцыянавання дэмакратыі. БХД выступае за
палітыку, якая засноўваецца на свабодным волевыяўленні грамадзян. Па выніках
выбараў мусяць фармавацца ўладныя органы рэспубліканскага, павятовага і
мясцовага ўзроўняў. БХД выступае за прамое абранне Прэзідэнта, Сойма, Сената,
Павятовага Старасты, Павятовага Сойма, муніцыпальных Радаў і мэраў
адміністрацыйных адзінак. Акрамя таго, некаторыя службовыя асобы на пявятовым і
мясцовым узроўнях мусяць абірацца насельніцтвам, як, напрыклад, кіраўнік
павятовай паліцыі, акружныя і міравыя суддзі.

 

4.4.2.
БХД выступае за ўсталяванне правілаў, па якіх выбарчы працэс будзе празрыстым,
дэмакратычным і канкурэнтным. Дзеля гэтага неабходна пазбавіць выканаўчую уладу
кантроля за падлікам галасоў – участковыя камісіі мусяць камплектавацца з
сябраў ці прыхільнікаў тых палітычных сіл ці кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у
выбарчым працэсе. Менавіта ім павінна аддавацца перавага пры фармаванні
выбарчых камісіяў. Акрамя ўласна зацікаўленых прадстаўнікоў палітычных сіл
браць удзел у працы выбарчых камісіяў могуць і прадстаўнікі грамадскіх
аб’яднанняў і самавылучэнцы.

 

4.4.3.
Мы лічым неабходным замацаванне даверу да інстытуту выбараў і да дэмакратычна
абраных органаў улады. Таму працэс падліку галасоў будзе галосным і адкрытым –
усе назіральнікі змогуць свабодна сачыць за працэсам падліку галасоў і
запаўненнем пратаколаў. БХД выступае за выкарыстанне
інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў у выбарчым працэсе, якія дазволяць
весці маніторынг на выбарчых участках і он-лайн сачыць за выбарчым працэсам у
краіне.

 

4.4.4. Волевыяўленне грамадзян мусіць быць свабодным. БХД
выступае за адмену датэрміновага галасавання. Замест яго прапануецца ўвесці
магчымасць галасавання на іншым выбарчым участку на аснове адмацавальнага
бюлетэню. Любы ціск на выбарцаў з мэтай прымусіць галасаваць насуперак іх
уласнай волі будзе пераследавацца і карацца па закону.

 

4.4.5. Тэхнічным арганізатарам выбараў будзе Цэнтральная
выбарчая камісія, склад якой зацвярждаецца Сенатам.

 

4.4.6. У выпадку непрызнання выбараў міжнароднай
супольнасці БХД выступае за поўную замену асабовага складу выбарчых камісій
усіх узроўняў.

4.5. У сферы
дзяржаўнага кіравання БХД выступае за:

 

4.5.1. – выбарнасць
кіруючых асоб і ўладных органаў усіх узроўняў;

 

4.5.2. – частыя,
рэгулярныя, свабодныя і дэмакратычныя выбары як базавую ўмову функцыянавання
дэмакратыі;

 

4.5.3.
– размеркаванне адказнасці і
паўнамоцтваў, прынцып субсідыярнасці, згодна з якім рашэнні павінны прымацца на
тым узроўні, на якім яны найбольш эфэктыўна выконваюцца;

 

4.5.4.
– рэальнае існаванне і
адасабленне двух тыпаў улады ў Беларусі: дзяржаўнай і муніцыпальнай;

 

4.5.5.
– прэзідэнцка-парламенцкую
рэспубліку, у якой уладныя паўнамоцтвы павінны быць размеркаваны паміж галінамі
ўлады такім чынам, каб адна галіна кантралявала другую і паміж імі быў баланс;

 

4.5.6.
– моцны Парламент, які фармуе Ўрад
і ўраўнаважвае прэзідэнцкую ўладу;

 

4.5.7.
– стабільныя моцныя палітычныя
партыі, якія прадстаўляюць інтарэсы розных груп беларускага грамадства і
здольныя несці адказнасць за краіну, бараніць незалежнасць і дэмакратыю ў
Беларусі;

 

4.5.8. – перадачу
ў паветы істотных уладных паўнамоцтваў, падзеленых паміж выканаўчай і
прадстаўнічай ўладамі павета.

Болей навін