БХД падае заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса па факце нерэгістрацыі партыі

26 мая 2015 12:56  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская
Дэмакратыя” збірае неабходныя дакументы для падачы заяўкі ў Кнігу рэкордаў
Гінэса ў катэгорыі “Самая шматлікая колькасць адмоваў у рэгістрацыі партыі”. Пра
гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэту Георгі Дзмітрук. Прадстаўнікоў Кнігі рэкораў Гінэса плануецца запрасіць на з’езд БХД 13 чэрвеня.

 

Робіцца гэта, каб прыцягнуць увагу да праблемы нерэгістрацыі
палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі. Апошняя партыя ў
Беларусі ў Беларусі была зарэгістраваная ў 2000 годзе – 15 гадоў таму.

 

“Немагчымасць зарэгістраваць партыю ці грамадскае аб’яднанне
– адно з галоўных парушэнняў грамадскіх свабод у Беларусі. Рэгістрацыя партыі –
гэта як выдача пасведчання аб нараджэнні чалавека, прызнанне таго, што такая
партыя існуе. А што з ёй будзе далей, пакажа час. Але дзяржава замест таго, каб
зарэгістраваць БХД, паступае несправядліва, недэмакратычна і нелагічна. Утварэнне
партыі БХД – факт, прызнаны ўсімі, апроч уладаў Беларусі. Пара пераадолець
страхі, справіцца з фобіямі і перавесці ўзаемадзеянне з БХД у нармальнае
рэчышча ў рамках закону”, – падкрэсліў Георгі Дзмітрук.

 

На дадзены момант БХД атрымала чатыры адмовы ў рэгістрацыі партыі. Не атрымалася зарэгістраваць і ніводную з абласных арганізацый хрысціянскіх дэмакратаў. Пяты ўстаноўчы з’езд Партыі БХД адбудзецца 13 чэрвеня. Беларусь – адзіная краіна Еўропы, дзе не зарэгістраваная хрысціянска-дэмакратычная партыя.

Болей навін