Севярынец пра нерэгістрацыю БХД: Улады баяцца маральнага выкліку

18 чэрвеня 2015 12:00  |  Галоўныя навіны

Севярынец пра нерэгістрацыю БХД: Улады баяцца маральнага выкліку

Чаго баяцца беларускія ўлады, якія адмаўляюцца рэгістраваць партыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»? Чаму БХД вырашыла не вылучаць свайго кандыдата і не падтрымліваць іншых? Хто вінаваты ў тым, што не ўдалося абраць адзінага кандыдата? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Віталя Цыганкова «Інтэрвію тыдня» адказвае сустаршыня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.

— 13 чэрвеня прайшоў чарговы ўстаноўчы зьезд партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Сустаршынямі партыі зноў сталі Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і Георгі Дзьмітрук. Мне заўсёды хацелася даведацца: які глыбінны палітычны ці практычны сэнс у такім трыадзінстве?

— Па-першае, БХД падае прыклад іншай палітычнай культуры. Калі дагэтуль у постсавецкай палітыцы было нормай, што адзін выбіваецца наверх і камандуе іншымі, то ў нас — прынцып калегіяльнасьці. І гэтае сустаршынства дае нам магчымасьць дамаўляцца. А па-другое, калі адзін сустаршыня сядзе ў турму, два іншыя яго падстрахуюць. Акрамя таго, трыадзінства для хрысьціянства — не чужая тэма.

— Колькі разоў вы ўжо праводзіце зьезды і вас не рэгіструюць?

— Гэта пяты ўстаноўчы зьезд БХД. Мы падрыхтавалі заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса, бо, акрамя пяці партыйных падачаў, у нас каля 10 абласных грамадзкіх арганізацыяў хрысьціянскіх дэмакратыяў, дзьве заяўкі ад маладых хрысьціянскіх дэмакратаў — усяго каля 20 заявак, і ніводная зь іх не задаволеная.

— А чаму ўлады вас не рэгіструюць? Чаго яны баяцца?

— Улады ў першую чаргу баяцца маральнага выкліку. Бо наша ідэалёгія — гэта грунт на маральных каштоўнасьцях. А сёньняшні беларускі рэжым амаральны.

Другое, чаму БХД не рэгіструюць, — мы актыўна працуем з цэрквамі. А гэта самыя вялікія структуры грамадзкай супольнасьці, не падкантрольныя рэжыму. І даць рэгістрацыю хрысьціянскім дэмакратам — азначае дапусьціць цэрквы да досыць масавай грамадзкай, а то і палітычнай дзейнасьці.

— Улады баяцца, што ў выніку вашай рэгістрацыі цэрквы стануць больш незалежнымі?

— Так яно і будзе, калі БХД будзе зарэгістраваная.

— Ці не занадта высокія крытэры ў маральнасьці і ў падыходах да жыцьця вы ставіце перад сабой і людзьмі? Магчыма, масаваму чалавеку такія крытэры непасільныя, і нават хрысьціянскія партыі ў Эўропе ня ставяць плянку так высока, як вы ў Беларусі?

— Магчыма, але хрысьціянскім партыям у Эўропе ня трэба даводзіць народу, што Беларусь — гэта незалежная дзяржава, што дэмакратыя — гэта добра, што родная мова — гэта добра. Задача БХД, мне здаецца, вельмі добра выяўленая ў партыйным сымбалі — бэтлеемская зорка. Зорка высокая, але той, хто глядзіць на яе, хто ідзе да яе — дасягае свайго.

— А за які ўчынак могуць выключыць з БХД? Прывядзіце прыклады.

— За падробку подпісаў, напрыклад. За публічныя паводзіны, якія ганьбяць імя хрысьціянскага дэмакрата. Чалавек, напрыклад, жыве ня ў шлюбе, і ён ня можа быць кіраўніком БХД — выбачай, калі ласка, партыя БХД — гэта пэўны маральны арыенцір. Ёсьць чалавек, які ўдзельнічаў у баях на баку ДНР — выключаны з партыі.

— На зьезьдзе партыя вырашыла, што БХД не вылучае сваіх кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары і не падтрымлівае іншых вылучэнцаў. Чаму?

— Першая прычына — у Беларусі няма свабодных і справядлівых выбараў. Калі няма выбараў — няма ў чым удзельнічаць. Другая прычына — застаюцца палітычныя вязьні. І, па вялікім рахунку, удзел сёньняшніх так званых кандыдатаў пры адсутнасьці адзінага, адзінай стратэгіі, на наш погляд, гэта проста падыгрываньне рэжыму.

— Выбарчая і палітычная сыстэма аніяк не зьмянілася ад 2010 году. Але тады вы, як і іншыя апазыцыйныя сілы, актыўна ўдзельнічалі ў выбарах. Што зьмянілася?

— Мы зрабілі свае высновы. Цяпер сытуацыя іншая — ёсьць палітвязьні, ёсьць сытуацыя з Украінай, і мы ў іншай геапалітычнай сытуацыі, плюс існуе рэальная пагроза легітымізацыі рэжыму. У 2010 годзе была капітальная памылка — заклікаць на Плошчу, ня ведаючы, што там можна зрабіць, не рыхтуючы сцэнару. Гэта наша агульная віна, і з гэтага мы робім высновы. А няўдзел у выбарах падтрымалі 99 працэнтаў кандыдатаў зьезду БХД.

— Але любыя сацыялягічныя апытаньні пакажуць, што большасьць жыхароў Беларусі зьбіраюцца галасаваць на выбарах. Гэта і звычка, і грамадзянскі абавязак, і адзіная палітычная падзея.

Севярынец: Давайце ўявім чалавека, якія зьбірае подпісы за кандыдата. «Хто там? — Выбары». Альбо не пускаюць, альбо пасылаюць, альбо кажуць, што мы за Лукашэнку, альбо нават можна дачакацца дэмакрата, які прынцыпова за байкот. У выніку зьбіральнік подпісаў здабывае толькі 5–7 працэнтаў посьпеху. Той, хто зьбірае подпісы за паліклініку ў вашым мікрараёне, а пасьля пачынае гаварыць пра палітвязьняў, дэмакратыю — ён дасягае посьпеху.

— Здаецца, Тацяна Караткевіч якраз і пайшла такім шляхам — выбірае нейкую мясцовую праблему, а потым пераходзіць да выбараў.

— Там не сысьці ад адказу, што гэта ўсё ж пра выбары. Бо калі сам дэмакратычны кандыдат займаецца паліклінікай, то ўзьнікае пытаньне, чым вы тут займаецеся. Мне, шчыра кажучы, проста шкада гэтых людзей, і кандыдатаў, і тых, хто будзе зьбіраць подпісы.

— Пэўны момант, яшчэ год таму, вы былі каардынатарам працэсу абраньня адзінага кандыдата. Ваша вэрсія — чаму так і не ўдалося нават выйсьці на мэханізм абраньня кандыдата, і ці быў увогуле шанец?

— Гэта безадказнасьць. Шанцы былі, але яны былі заблякаваныя па чарзе рознымі ўдзельнікамі працэсу. Да той пары, пакуль мы як апазыцыя ня будзем гатовыя ўзяць адказнасьць за Беларусь — Бог нам перамогу ня дасьць. Толькі тады, калі мы будзем гатовыя маральна, волева — Гасподзь дасьць нам перамогу. Няважна, якім шляхам, але гэта будзе. Тое. што зараз не атрымалася вылучыць адзінага — гэта фіксацыя факту: беларуская дэмакратычная апазыцыя ўзяць уладу не гатовая. І за нашы грахі, як кажуць, і маем цяпер Лукашэнку.

Радыё Свабода

Болей навін