Садоўскі: мэта “Права выбару” — прадухіленне парушэнняў на ўсіх этапах выбарчай кампаніі (відэа)

02 ліпеня 2015 12:52  |  Палітыка

Садоўскі: мэта “Права выбару” — прадухіленне парушэнняў на ўсіх этапах выбарчай кампаніі (відэа)

Ініцыятыва “Права выбару — 2015” пачала кампанію назірання за выбарамі. Пра гэта аб’яўлена 1 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

У ініцыятыву ўваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, рухі “Гавары праўду” і “За Свабоду”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, прафсаюз РЭП, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.

Каардынатар “Права выбару — 2015” Дзяніс Садоўскі падкрэсліў, што сваёй галоўнай мэтай ініцыятыва ставіць прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх этапах выбарчай кампаніі ў Беларусі. Ён адзначыў, што па ўсіх зафіксаваных фактах парушэнняў назіральнікі кампаніі будуць адразу ж падаваць скаргі. Акрамя таго, плануецца публікаваць справаздачы па асноўных этапах выбарчага працэсу (фарміраванне выбарчых камісій, збор подпісаў і рэгістрацыя кандыдатаў, агітацыя, датэрміновае галасаванне, дзень выбараў).

“Мы вельмі сур’ёзна падыходзім да гэтай кампаніі, — сказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Паколькі мы ідзем на выбары са сваім кандыдатам (партыя раней заявіла пра падтрымку Таццяны Караткевіч. — БелаПАН.), то мы перш за ўсё зацікаўленыя ў тым, каб тыя галасы, якія людзі аддадуць за Таццяну, не былі ў яе выкрадзеныя”.

На заўвагу журналістаў аб тым, што ў кампанію “Права выбару — 2015” уваходзяць палітычныя партыі і рухі, якія ўжо заявілі аб падтрымцы Таццяны Караткевіч, Рымашэўскі сказаў: “Калі будуць нейкія парушэнні з боку каманды Караткевіч, прадстаўнікі БХД (аргкамітэт гэтай партыі не падтрымлівае яе кандыдатуру. — БелаПАН.) абавязкова гэта зафіксуюць”.

Болей навін