Суд адмовіўся разглядаць справу па прыцягненні ЦВК да адказнасці

09 ліпеня 2015 23:40  |  Галоўныя навіны

Суд адмовіўся разглядаць справу па прыцягненні ЦВК да адказнасці

Сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі атрымаў пісьмовы адказ на калектыўную скаргу з суда Маскоўскага раёна Мінска.

У адказе паведамляецца, што суддзя Гусакова адмовіла ва ўзбуджэнні справы па скарзе на дзеянні Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні Рэспубліканскага рэферэндума. Суддзя вызначыла таксама вярнуць дзяржпошліну ў памеры 180 тысяч рублёў, якая была сплочана пры падачы скаргі ў суд.

Віталь Рымашэўскі, разам з іншымі лідарамі палітычных партый і арганізацый кампаніі «Права выбару-2015», 7 красавіка звярнуўся ў Цэнтрвыбаркам з калектыўнай прапановай аб унясенні суб’ектамі права заканадаўчай ініцыятывы прапановы аб удасканальванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах. Адказ на дадзены зварот не быў атрыманы. Праз суд скаржнікі прасілі абавязаць Цэнтрвыбаркам даць матываваны адказ на накіраваныя раней калектыўныя прапановы.

Суддзя Гусакова палічыла, што пададзеная скарга, у адпаведнасці з ч.1 арт.245 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, не падлягае разгляду ў судах у сувязі з яе непадведамственнасцю.

Суддзя таксама звярнула ўвагу на тое, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек і якое рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў. Для рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянам неабходна стварыць ініцыятыўную групу ў колькасці не менш за 100 чалавек і зарэгістраваць яе ў Цэнтрвыбаркаме. Пасля рэгістрацыі такой групы грамадзяне маюць поўнае права арганізаваць збор подпісаў і перадаць сабраныя подпісы ў Палату прадстаўнікоў для іх разгляду.

Суддзя адзначыла, што пададзены калектыўны зварот па сваёй сутнасці з’яўляецца прапановай аб прыняцці праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў» і не падлягае вырашэнню ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян. Выкладзеныя патрабаванні грамадзян выходзяць за кампетэнцыю ЦВК.

Віталь Рымашэўскі лічыць, што ў адказе няма ні слова па сутнасці:

– Ёсць Закон «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб», у адпаведнасці з якім адказ на наш калектыўны зварот мусіў быць зроблены цягам 15 дзён. У асобных выпадках, калі патрабавалася дадатковае вывучэнне пытання, адказ мог прыйсці праз месяц. З гэтага можна зрабіць выснову што суд проста абараняе ЦВК ад зваротаў грамадзян. Мэты ж працы ЦВК не маюць нічога агульнага з правам беларусаў на свабодныя выбары.

У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Права выбару

Болей навін