Дзіна Шаўцова і Вячаслаў Ганчарэнка пра абмежаванне права на свабоду веравызнання

02.01.2010, 19:42  |  Навіны, Грамадства

У Беларусі дзейнічаюць і прымяняюцца нормы, якія не столькі абараняюць, колькі абмяжоўваюць права на свабоду веравызнання. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказала праваабаронца Дзіна Шаўцова.

 

Паводле яе слоў, права на свабоду веравызнання з'яўляецца неад'емным, яно не можа быць дадзена дзяржавай, бо рэлігія ўзнікла задоўга да з'яўлення уладных структур. Вось чаму задачай дзяржавы з'яўляецца абарона гэтага права.

 

У Беларусі грамадзяне маюць права сістэматычна і сумесна вызнаваць рэлігію толькі пасля стварэння і рэгістрацыі рэлігійнай арганізацыі, у іншым выпадку вернікам пагражае адміністрацыйная ці крымінальная адказнасць. У 2009 годзе за незарэгістраваную рэлігійную дзейнасць неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці пратэстанты, а супраць паслядоўнікаў рэлігійнага вучэння Муна была распачата крымінальная справа, адзначыла Шаўцова.

 

Паводле яе слоў, перашкодай у рэгістрацыі рэлігійнай арганізацыі застаецца юрыдычны адрас. Зарэгістраваць такую арганізацыю на адрасе жылога дома ўлады ў большасці выпадкаў не дазваляюць, а ў нежылым  памяшканні адмаўляюцца размяшчаць абшчыну самі вернікі з-за высокіх цэн на арэнду і націску чыноўнікаў на арандадаўцаў.

 

Сярод іншых "балючых" пытанняў, напрыклад для беларускіх пратэстантаў, застаецца атрыманне дазволаў на рэлігійную дзейнасць замежных святароў і іх дэпартацыя з-за адсутнасці такіх дазволаў (з гэтай прычыны ў 2009 годзе былі дэпартаваны грамадзяне Даніі і Украіны), а таксама праблема правядзення набажэнстваў у арандаваных памяшканнях і ўзвядзенне культавых будынкаў, падкрэсліла праваабаронца. Паводле слоў Шаўцовай, праблему паглыбляюць тыя акалічнасці, што заканадаўства дазваляе мясцовым органам улады адмяняць свае рашэнні аб выдзяленні зямельных участкаў пад будаўніцтва храмаў, з чым сутыкнуліся пратэстанцкія цэрквы "Благадаць" у Наваполацку (Полацкі раён Віцебскай вобласці) і "Новае жыццё" ў Мінску.

 

У інтэрв'ю БелаПАН пастар царквы "Новае жыццё" Вячаслаў Ганчарэнка адзначыў, што ўлады імкнуцца пазбавіць абшчыну будынка і зямлі, выкарыстоўваючы прававое поле, аднак суды выносяць рашэнні не на падставе фактаў і артыкулаў законаў, а зыходзячы з жаданняў канкрэтных чыноўнікаў. Пастар упэўнены, што калі падыходзіць да сітуацыі вакол царквы "сумленна, непрадузята і з пазіцый закону", то становішча абшчыны "абсалютна выйгрышнае".

 

У снежні Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой "ад беларускіх улад чакаецца дакладны і значны прагрэс у справе дэмакратызацыі грамадства на працягу 2010 года" і выказваецца надзея, што царква "Новае жыццё" атрымае магчымасць дзейнічаць свабодна, сказаў Ганчарэнка.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме