Садоўскі. Што зрабіць, каб выбары ў Беларусі прызналі свабоднымі і дэмакратычнымі?

27 ліпеня 2015 16:49  |  Галоўныя навіны

Садоўскі. Што зрабіць, каб выбары ў Беларусі прызналі свабоднымі і дэмакратычнымі?

Усе выбары ў Беларусі не прызнаюцца сумленнымі і свабоднымі ні адной дэмакратычнай краінай з 1996 года. Чаму? Прычын шмат.

Ёсць агульныя прычыны: адсутнасць свабоды СМІ ў Беларусі, нерэгістрацыя палітычных партый (з гэтай нагоды «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» нават ужо збіраецца падаваць заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінеса), рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў апазіцыі і дэмакратычных кандыдатаў.

Ёсць і прычыны, непасрэдна звязаныя з выбарчым працэсам: няроўны доступ кандыдатаў да СМІ, перашкода кандыдатам у ажыццяўленні агітацыі, неўключэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у склады тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, датэрміновае галасаванне як асноўны інструмент фальсіфікацыі яўкі і магчымасцяў для падмены бюлетэняў і многае іншае.

Але асноўнай праблемай ўсіх выбараў у Беларусі па-ранейшаму застаецца непразрысты падлік галасоў і нядопуск да гэтага працэсу незалежных назіральнікаў.

Для кампаніі назірання «Права выбару» менавіта падлік галасоў і допуск альбо нядопуск да гэтага працэсу незалежных назіральнікаў будзе галоўным крытэрам у вызначэнні дэмакратычнасці прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе.

Вядома, наша ацэнка будзе комплекснай і будзе ўлічваць усе элементы выбараў, але менавіта факт допуску незалежных назіральнікаў да стала, дзе лічаць галасы выбаршчыкаў, з’яўляецца асноўным і самым важным элементам для ацэнкі празрыстасці працэсу волевыяўлення грамадзян па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Але як вызначыць, дапусцілі назіральніка да падліку альбо не?

Звычайна ў Беларусі падлік галасоў праходзіць так – назіральнікаў адсоўваюць на 7-10 метраў ад стала, дзе лічаць бюлетэні, і бліжэй не пускаюць. Калі назіральнік пачынае патрабаваць, каб яго ўсё-ткі падпусцілі бліжэй, выклікаецца міліцыя, і назіральніка увозяць.

Прыблізна гэты працэс выглядае так.

З гэтым прыкладам усё зразумела. Гэта, вядома, нядопуск назіральніка да падліку галасоў. А калі назіральніка адсунулі на 3 метры ад стала? А калі на 1 метр ад стала? Гэта допуск ці не?

Адказ просты: допускам незалежнага назіральніка да падліку галасоў з’яўляецца працэс, калі назіральнік, не замінаючы працы выбарчай камісіі, знаходзіцца на той адлегласці, на якой ён можа выразна бачыць кожны бюлетэнь і галачку ў кожным бюлетэні, а таксама бачыць, што ўсе бюлетэні раскладваюцца па правільных стосах за адпаведнага кандыдата.

Прыблізна гэта павінна выглядаць так.

Ва ўсіх іншых выпадках, назіральнікі кампаніі «Права выбару» будуць пісаць скаргу на нядопуск назіральніка да падліку галасоў, і мы будзем расцэньваць выбары на такіх участках як непразрыстыя і недэмакратычныя.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ведаць, як арганізоўваюцца і праходзяць выбары, а таксама як лічацца галасы выбаршчыкаў.

Беларускі народ павінен мець магчымасць уплываць на ўладу, рабіць сваё жыццё лепш, адхіляць пры дапамозе выбараў тых, хто не спраўляецца са сваімі абавязкамі.

Выбары ў краіне павінны стаць тым інструментам, які можа прывесці людзей да дабрабыту і росквіту.

Далучайцеся да нашай кампаніі і разам з намі адстойвайце сваё права на справядлівыя выбары!

Крыніца

Болей навін