Прамежкавая справаздача першага месяца выбарчай кампаніі

05.08.2015, 10:02  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Прамежкавая справаздача першага месяца выбарчай кампаніі
Кампанія назірання “Права выбару-2015” ладзіць доўгатэрміновае назіранне за ходам выбарчай кампаніі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі сіламі сваіх рэгіянальных прадстаўнікоў. Гэтая справаздача з'яўляецца першым дакументам па выніках доўгатэрміновага назірання і ахоплівае перыяд першага месяца кампаніі з 1 да 31 ліпеня. Да дня выбараў 11 кастрычніка кампанія распаўсюдзіць яшчэ пяць справаздачаў па выніках доўгатэрміновага назірання.

Агульныя высновы

1. Ужо на пачатковым этапе ў выбарчай кампаніі адсутнічае роўнасць умоваў для апазіцыі ў параўнанні з лаяльнымі ўладам суб'ектамі, на ход выбараў уплываюць абмежаванні свабоды слова, свабоды сходаў і асацыяцыяў, апазіцыя не дапушчана да працы выбарчых камісій і пазбаўленая магчымасці ўплываць на падрыхтоўку выбараў. Гэта падрывае давер да працэдуры выбараў з боку грамадства і служыць падставай для недаверу будучым вынікам выбараў.

2.Грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне не спрыяе правядзенню свабодных і справядлівых выбараў. Наяўнасць шасці палітычных вязняў (М. Дзядка, І. Аліневіча, Я. Васьковіча, А. Паракапенкі, Ю. Рубцова і асабліва зняволенага экс-кандыдата ў Прэзідэнты на выбарах 2010 года М. Статкевіча) стварае атмасферу запалохвання грамадства і апазіцыі напярэдадні выбараў.

3.Унесеныя ў 2013 годзе ў Выбарчы кодэкс змены не прадухілілі няроўнага доступу палітычных сілаў да ўдзелу ў працы выбарчых камісій. Большасць вылучаных у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (ТВК) прадстаўнікоў праўладных аб’яднанняў была ўключана ў склад камісій, у той час як большасці вылучэнцаў апазіцыйных арганізацый было адмоўлена. Дэмакратычныя аб'яднанні вылучылі ў ТВК 63 сваіх прадстаўнікі (яшчэ некаторая колькасць вылучалася зборам подпісаў выбаршчыкаў), але толькі 10 (15,87% ад ліку вылучаных) былі ўключаныя ў склад ТВК, што нават меней за паказчык уключэння ў ТВК у часе мінулых прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

4.Створаныя ТВК знаходзяцца пад поўным кантролем выканаўчай улады: 93,5% ТВК будуць працаваць без удзелу прадстаўнікоў апазыцыі. Судовае абскарджанне рашэнняў пра ўтварэнне ТВК не з'яўляецца эфектыўным сродкам задавальнення законных інтарэсаў палітычных партый, паколькі суды ніколі не прымаюць рашэнні пра перагляд складу камісій.

5.У часе збору подпісаў зафіксаваны выпадкі ўжывання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць дзеючага Прэзідэнта і ціск на ініцыятыўныя групы апазіцыйных прэтэндэнтаў.

У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Навіны па тэме