Суддзі спатрэбіўся дадатковы час для вывучэння справы Змітра Лупача

12.08.2015, 15:32  |  Навіны » Палітыка

Суддзі спатрэбіўся дадатковы час для вывучэння справы Змітра Лупача
На 12 жніўня быў прызначаны разгляд касацыйнай скаргі глыбоцкага журналіста, сябра аргкамітэту БХД Змітра Лупача, аштрафаванага на 4,5 мільёны рублёў за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ. Зміцер прыехаў у Віцебскі абласны суд за 220 кіламетраў, яго адвакат – наогул з Мінску, а разгляд скаргі перанеслі.

Зміцер Лупач распавёў, што дату разгляду яго скаргі прызначылі яшчэ тыдзень таму.

– Я атрымаў афіцыйную позву, што маю скаргу будуць разбіраць 12 жніўня ў 11 гадзін. Паводле заканадаўства, мой удзел неабавязковы. Аднак я вырашыў прыехаць у Віцебск, каб давесці сваю пазіцыю абласному суду – бо вінаватым сябе не лічу. З Мінску прыехала адвакат, яна таксама адклала ўсе іншыя справы. І тут суддзя Святлана Івановаабвяшчае, што ёй патрэбны дадтковы час на вывучэнне маёй справы. Няўжо тыдзень таму ўсё было ясна, а цяпер паўсталі пытанні? Дык можна было б папярэдзіць пра гэта учора ўвечары? – кажа журналіст.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, жаданне аспрэчыць рашэнне райсуду пацягнула за сабой лішнія выдаткі, і гэта несправядліва.

– Праваабаронцы і журналісты прыйшлі ў суд, каб падтрымаць глыбоцкага калегу. Але на маё пытанне, чаму нельга было папярэдзіць пра перанос разгляду скаргі хаця б напярэдадні, суддзя Святлана Іванова адказала поўным маўчаннем. Атрымліваецца, суды хочуць “распрануць да ніткі” Змітра Лупача. Мала таго, што на ім “вісіць” штраф памерам 4, 5 мільёны - як паказвае практыка, абласныя суды не адмяняюць рашэнні пра штрафы незалежным журналістам. Мала таго, што немалых грошай каштавалі паслугі адваката, калі ён спрабаваў бараніцца ў Глыбоцкім райсудзе, і транспартныя выдаткі на дарогу з Мінску таксама каштуюць грошай! Мала таго, што грошай каштуе напісанне касацыйнай скаргі! Цяпер, атрымліваецца, адвакат зноў мае транспартныя выдаткі і выдаткі за змарнаваны працоўны дзень, якія таксама трэба аплочваць. Плюс – выдаткі з улікам прызначанага ўжо на 19 жніўня разбору ў абласным судзе. Гэта зноў грошы на прыезд адваката і адвакацкую працу падчас разгляду скаргі, – падкрэслівае праваабаронца.

Павел Левінаў не выключае, што адтэрміноўка разгляду касацыйнай скаргі Змітра Лупача нейкім чынам звязана з заявай Аляксандра Лукашэнкі, які на сустрэчы з прадстаўнікамі незалежных СМІ абяцаў разабрацца ў праблеме штрафавання журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі рэдакцыямі без акрэдытацыі.

Менавіта за гэта 23 ліпеня і быў аштрафаваны Зміцер Лупач. Яго прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ - артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі). Падставай для судовай справы стаў матэрыял "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны 9 чэрвеня на сайце "Еўрарадыё". Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак.

Касацыйную скаргу на рашэнне Глыбоцкага райсуду падрыхтавала і незалежная журналістка Таццяна Смоткіна. 28 ліпеня яе таксама прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства паводле артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях – за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ. У якасці пакарання журналістцы быў прысуджаны штраф такога ж памеру – 25 базавых велічынь.

Прэс-служба БАЖ

Навіны па тэме