Віталь Рымашэўскі: уладам няма чаго прапанаваць, апроч брутальнага спайвання

26.08.2015, 13:35  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Віталь Рымашэўскі: уладам няма чаго прапанаваць, апроч брутальнага спайвання
Галоўным слоганам і сутнасцю палітыкі дзеючай улады павінен стаць слоган “відовішчаў і гарэлкі”. Такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, каментуючы адмену абмежаванняў па продажу алкаголю ў Менску.

“Адмяняючы абмежаванні на продаж алкаголю, якія былі прынятыя ў адказ на патрабаванні жыхароў Менску і не сустрэлі пярэчання з боку грамадзян краіны, яна дэманструе, што апроч брутальнага спайвання і падману ім няма чаго прапанаваць грамадзянам”, - заявіў ён.

“Дзеля хуткага папаўнення бюджэтаў улада ахвяруе здароўем і дабрабытам беларускіх грамадзян і сем’яў. Дабрабытам усёй Беларусі. Спайванне насельніцтва абарочваецца велізарнымі эканамічнымі стратамі праз выдаткі на медыцыну і ліквідацыю іншых наступстваў алкагалізацыі. Гэтыя выдаткі ніяк не пакрываюцца даходамі ад продажу алкаголю. Разбітыя сем’і, страчаныя жыцці людзей наогул вылічыць у фінансавым вымярэнні немагчыма”, - падкрэсліў сустаршыня БХД.

Ён адзначыў, што “цяпер за кожнае страчанае жыццё па прычыне алкаголю нясе персанальную адказнасць улада і Аляксандр Лукашэнка, на нарадзе з удзелам якога быў санкцыянаваны новы этап спайвання беларусаў, знішчэння беларускай нацыі”.

“У падтрымку абмежавання продажу алкаголю выказаліся тысячы грамадзян, іх подпісы накіравалі органам улады. Але спачатку пайшоўшы на саступкі, улады зноў ігнаруюць волю народу. Беларускія хрысціянскія дэмакраты будуць намагацца адмены гэтага рашэння, будзем працягваць барацьбу ў абарону беларусаў, абарону беларускіх дзяцей ад алкаголю”, - дадаў Віталь Рымашэўскі.

Навіны па тэме