У склад участковых выбарчых камісій ад “Права выбару-2015” патрапілі толькі шэсць чалавек

28 жніўня 2015 12:48  |  Палітыка

У склад участковых выбарчых камісій ад “Права выбару-2015” патрапілі толькі шэсць чалавек

Сярод прайшоўшых адпаведны кастынг тры прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), два прадстаўнікі Партыі БНФ і адзін прадстаўнік ГА БНФ “Адраджэньне”.

У склад участковых выбарчых камісій ад кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару-2015” увайшлі як мінімум шэсць чалавек. Пра гэта сведчаць афіцыйныя звесткі, якія былі размешчаны на сайце Цэнтрвыбаркама.

Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) увайшлі ў склад участковых выбарчых камісій у Брэсцкай, Віцебскай і Менскай абласцях. Ад Партыі БНФ у камісіі патрапілі актывісты выключна з Брэсцкай вобласці, ад БНФ “Адраджэньня” – у Гродзенскай вобласці.

Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2015” Дзяніс Садоўскі кажа, што агучаныя Цэнтрвыбаркам звесткі не зусім поўныя.

– На дадзены момант мы аналізуем колькі людзей прайшло ў склад участковых выбарчых камісій шляхам збору подпісаў, бо, як вядома, не ўсе структуры палітычных арганізацый маюць афіцыйную рэгістрацыю і ў гэтым выпадку людзі вылучаліся ў камісіі шляхам збору подпісаў. Колькасць жа актывістаў, якая прайшла ў камісіі – мінімальная. Па нашых звестках мы ад суб’ектаў кампаніі назірання вылучалі 374 чалавекі, – кажа Дзяніс Садоўскі.

Трэба адзначыць, што ў Беларусі ўтвораны 6080 участковых выбарчых камісій. У іх склад увайшло 66 941 чалавек. У складзе ўчастковых выбарчых камісій – 71,5% жанчыны. Толькі 4,4% грамадзян вылучалася ў камісіі ад палітычных партый.

У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Болей навін