Віцебскія ўлады ўзяліся за будаўніцтва заводу, за які змагалася БХД

28 жніўня 2015 12:55  |  Грамадства

Віцебскія ўлады ўзяліся за будаўніцтва заводу, за які змагалася БХД

Упраўленнем капітальнага будаўніцтва Віцебска аб’яўлены тэндар на выкананне праектна-пошукавых работ па будаўніцтве смеццеперапрацоўчага сартавальнага завода.

Перадінвестыцыйная дакументацыя, згодна з умовамі тэндару, павінна быць гатовая ўжо да канца 2015 года. Затым, пасля правядзення ўсіх узгадненняў і экспертыз, на працягу чатырох месяцаў (сакавік-чэрвень 2016 года) павінен быць падрыхтаваны архітэктурны праект. Кошт праектна-пошукавых работ, без уліку кошту экспертыз, ацэньваецца ў 7300000000 рублёў, з іх 1400000000 рублёў будзе выдаткавана на перадінвестыцыйную дакументацыю. Фінансавацца работы павінны са сродкаў дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Пад будучы завод адводзяць крыху больш за 10 гектар зямель, якія належаць ДЛГУ «Віцебскі лясгас» і ААТ «Ліпаўцы», якія знаходзяцца паміж вёскамі Копці і Касачы. Пры гэтым 1.18 гектара занятыя ворныя землі, а 8,9 гектара ўваходзяць у лясны фонд і адносяцца да лясоў I групы, у тым ліку 8,8 гектара пакрытыя лесам. УКБ Віцебска павінен высечы гэты лес і рэалізаваць драўніну. Пры гэтым страты, звязаныя з стратамі сельскагаспадарчай і лясной вытворчасці, а таксама са зносам аб’ектаў нерухомасці ацэньваюцца ў 1241310000 рублёў.

Згодна з тэхнічным умовам завод павінен перапрацоўваць 100 000 тон смецця ў год. Тэхналогія і абсталяванне завода павінны забяспечваць сартаванне цвёрдых камунальных адходаў з атрыманнем другасных матэрыялаў (макулатуры, шкла, ПЭТ-бутэлек, пластмасы, чорных і каляровых металаў; перапрацоўку ПЭТ-бутэлек і пластмас; выраб кампосту; выраб RDF-паліва.

Плануецца, што завод будзе працаваць 305 дзён у годзе ў дзве змены, а лінія сартавання забяспечыць 100 новых працоўных месцаў. Пры гэтым на прадпрыемстве павінна быць прадугледжана аўтаматычная сістэма кіравання тэхналагічным працэсам.

Як паведамлялі «Народныя навіны Віцебска», у траўні 2014 года ў адказ на калектыўны зварот грамадзян з нагоды будаўніцтва смеццеперапрацоўчага комплексу і палігона цвёрдых камунальных адходаў у Віцебску аблвыканкам адказаў БХД, што не ўдалося знайсці інвестара для будаўніцтва гэтага прадпрыемства.

Болей навін