Віталь Рымашэўскі: цвярозым за гэтую ўладу ніхто галасаваць не будзе

01 верасня 2015 12:08  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: цвярозым за гэтую ўладу ніхто галасаваць не будзе

Пасля адмены абмежавання па продажы алкаголю па часе ўлады пайшлі на новыя крокі па спойванні беларусаў. У беларускіх крамах уводзіцца абавязковы продаж пладова-ягадных вінаў, у аб’ектах грамадскага харчавання ў 1,5-2 разы прымусова пашыраецца асартымент алкагольнай прадукцыі, а кошты на беларускі алкаголь змяншаюцца.

Відавочная першачарговая мэта – выцягванне грошай з насельніцтва усімі сродкамі. Па сутнасці, зніжэнне коштаў на алкаголь азначае наступны крок у алкагалізацыі насельніцтва Беларусі. Гэта будзе спрыяць павелічэнню алкагалізацыі беларусаў, росту колькасці забойстваў на глебе алкагольнай залежнасці, пачашчэнню ДТЗ і проста няшчасных выпадкаў.

У кароткатэрміновай перспектыве бюджэт папоўніцца, але фактычна гэта азначае, што здароўе, жыцці людзей выстаўлены цяпер на продаж.

Гэта злачынства супраць здароўя нацыі, супраць беларускага народа.

“Спойванне насельніцтва адбываецца як раз у перыяд перадвыбарнай кампаніі. Дадатковая прычына для ўладаў ператварыць беларусаў у п’яную аморфную масу, а не грамадзян Рэспублікі Беларусь. Зразумела, што за гэтую ўладу ў цвярозым розуме галасаваць ніхто не будзе”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Болей навін