Кіраўнік місіі АБСЕ высока ацаніў мэты і задачы кампаніі назірання “Права выбару-2015”

09 верасня 2015 10:32  |  Галоўныя навіны

Кіраўнік місіі АБСЕ высока ацаніў мэты і задачы кампаніі назірання “Права выбару-2015”

8 верасня ў Мінску адбылася сустрэча каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2015” Алеся Сілкова і Дзяніса Садоўскага з кіраўніком місіі АБСЕ Жакам Форе.

Кіраўнікі кампаній па назіранні за выбарамі абмеркавалі ход прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, а таксама сітуацыю ў Беларусі.
Жак Форе высока ацаніў мэты і задачы кампаніі назірання “Права выбару-2015”, а таксама выказаў зацікаўленасць у максімальна аператыўным атрыманні інфармацыі ад кампаніі, якую праводзяць беларускія палітычныя арганізацыі. Паводле яго гэта будзе спрыяць аб’ектыўнай ацэнцы таго, як праходзяць выбары ў Беларусі.

Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2015” Дзяніс Садоўскі лічыць, што вынікі назірання за выбарамі міжнароднай місіяй АБСЕ з’яўляюцца найбольш аб’ектыўнымі, прафесійнымі і ні ў кога не выклікаюць сумневу.

– Ацэнка місіі АБСЕ найбольш важная для нас, бо менавіта ад вынікаў іх справаздач залежаць далейшыя стасункі міжнароднай дэмакратычнай супольнасці з уладамі Беларусі. Таму кампанія назірання “Права выбару-2015” будзе своечасова інфармаваць пра парушэнні, калі такія будуць мець месца, падчас правядзення выбараў на выбарчых участках, дзе будуць знаходзіцца нашы назіральнікі, -гаворыць Дзяніс Садоўскі.

У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2015”

Болей навін