Алесь Чаркашын. «Не здавайся!» – прэм’ера кліпу

09 верасня 2015 10:40  |  Грамадства

Алесь Чаркашын. «Не здавайся!» – прэм’ера кліпу

На дзень Беларускай вайсковай славы прыпалі 9 дзён па смерці «Тараса» – беларускага добраахвотніка Алеся Чаркашына. У гонар усіх беларускіх ваяроў сёння – прэм’ера кліпу на песню Алеся Чаркашына «Не здавайся!»

«З Алесем пазнаёміўся на перадавой у Песках, падчас здымак да фільму «Білорус». Вясёлы, жыццярадасны хлопец, вернік. Аднойчы ўзяў у рукі гітару і тады я пачуў яшчэ чарнавую версію песні «Не здавайся», яна моцна закранула мяне, – гаворыць рэжысёр-дакументаліст Антось Цялежнікаў. – Я прапанаваў зрабіць яе музычным трэкам майго фільму. Алесь ахвотна пагадзіўся. Праз некалькі месяцаў песню запісалі ў студыі».

Паводле Антося Цялежнікава, ідэя зрабіць кліп на гэтую песню з’явілася пасля прэзентацыі фільму: «я змантаваў кліп з нявыкарыстаных для стужкі матэрыялаў, паказаў Алесю чарнавы мантаж, яму спадабалася, думаў пра тое як зрабіць прэзентацыю з ягоным удзелам. Апошні кантакт з ім адбыўся 6 жніўня, я абяцаў што неўзабаве адбудзецца прэзентацыя кліпу. Праз два дні ён быў паранены ў баі пад Старагнатаўкай. Апошнія радкі песні «Не здавайся», на жаль, апынуліся для яго прарочымі…
28 жніўня Алесь адышоў у лепшы свет. Я адшукаў рэдкія кадры дзе з’яўляўсятвар Алеся, ён катэгарычна не хацеў трапляць у кадр, хвалюючыся за бяспеку сваіх блізкіх і родных у Беларусі. Кліп быў перамантаваны… Хацеў бы каб ён быў запрэзентаваны менавіта 8 верасня ў Дзень беларускай вайсковай славы, дзе цяпер ёсць месца і для нашага беларускага героя – Алеся Чаркашына».

МЛ, belsat.eu

Болей навін