Рымашэўскі прапанаваў аб’яднаць намаганні назіральнікаў

11 верасня 2015 10:37  |  Галоўныя навіны

Рымашэўскі прапанаваў аб'яднаць намаганні назіральнікаў

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі прапанаваў аб’яднаць намаганні назіральнікаў ад кампаній “За справядлівыя выбары» і «Права выбару – 2015».

«Я лічу, што трэба аб’ядноўваць намаганні дзвюх кампаній па назіранні. І са свайго боку я прыкладу намаганні для гэтага. Каардынатарам кампаній варта правесці перамовы, каб была сумесная ацэнка, сумесныя заявы», – заявіў Рымашэўскі на круглым стале «Выбарчая кампанія – 2015: ацэнкі і высновы», які адбыўся 10 верасня ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Па словах палітыка, назіральнікі кампаніі «Права выбару – 2015» у Мінску будуць сачыць за выбарчым працэсам на ста участках, а ў цэлым па краіне кампанія ахопіць ад сямісот да тысячы выбарчых участкаў. На думку Рымашэўскага, фіксацыя яўкі выбаршчыкаў павінна стаць прыярытэтам пры працы назіральнікаў, якія прадстаўляюць дэмсілы, паведамляе БелаПАН.

У кампаніі «Права выбару – 2015» аб’яднаны восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», руху «Гавары праўду» і «За Свабоду», Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, прафсаюз РЭП, аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу.

Кампанія «За справядлівыя выбары» неаднаразова прадпрымала спробы зарэгістравацца як грамадскае аб’яднанне. Сярод ініцыятараў кампаніі – сябра палітрады АГП Віктар Карняенка, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і яго намеснік Валерый Ухналёў.

Болей навін