Сябры БХД здзейснілі маленькую “кругасветку” ў Лагойскі раён

14 верасня 2015 14:05  |  БХД

Сябры БХД здзейснілі маленькую “кругасветку” ў Лагойскі раён

Група сяброў і прыхільнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі здзейсніла пазнавальную вандроўку па Лагойскім раёне. Маршрут выглядаў так: Мінск – Лагойск – Лагаза – Янушкавічы – Саўдзеневічы – Харужанцы – Карпілаўка – Мінск. Сярод аўтарападарожнікаў – археолаг Валянціна Вяргей і эколаг Леанід Чумакоў.

Экскурсію па старажытным лагойскім парку правёў настаўнік, паэт і чарнобыльскі перасяленец Мікола Ляшчун. Парк закладваўся адначасна з будаўніцтвам палаца графа Тышкевіча ў 1814 годзе і налічваў 900 відаў расліннасці. За савецкі перыяд парк здзічэў, ужо ў наш час значную яго частку выцерабілі пад танцпляцоўку і стадыён. Затое ў краязнаўчым музеі адкрылі экспазіцыю, прысвечаную Канстанціну і Яўстафу Тышкевічам, выдатным этнографам, археолагам і фалькларыстам. Мы толькі зараз даведаліся, што старэйшы з братоў, Канстанцін, пахаваны пры мясцовым касцёле.

Лагаза, дзедаўшчына грамадскай актывісткі Іны Лойка, найбольш цікавіла нашага эколага, даследчыка інвазійных раслін. Сельсавет праз нядбайнасць прыродаахоўнай інспекцыі зрабіўся рассаднікам баршчэўніка, які дапоўз да раённага цэнтра і рвецца на Мінск. У суседняй Гайне, адкуль бярэ выток цудоўная рака, не раз бываў Янка Купала, а ў Гайненскай Слабадзе нарадзіўся Ніл Гілевіч.

Янушкавічы сталі другой радзімай для пісьменніцы Галіны Каржанеўскай. Яна распавяла некалькі гісторый з часоў нямецкай акупацыі. У вёсцы Саўдзеневічы група агледзела мясцовыя могілкі, дзе ў агульных магілах пахавана нямала мірных жыхароў. Мінуўшы яшчэ адну купалаўскую мясціну, Харужанцы, падарожнікі агледзелі Карпілаўку – радзіму Ядзвігіна Ш. (Лявіцкага), а таксама сучаснага паэта і мастака Сяргея Давідовіча.

Прапануем вашай увазе фотарэпартаж з маленькай “кругасветкі”.

Сябры БХД здзейснілі маленькую “кругасветку” ў Лагойскі раён
Сябры БХД здзейснілі маленькую “кругасветку” ў Лагойскі раён
Сябры БХД здзейснілі маленькую “кругасветку” ў Лагойскі раён

Болей навін