БХД далучылася да аргкамітэту па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэту

28 верасня 2015 22:09  |  Галоўныя навіны

БХД далучылася да аргкамітэту па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэту

26 верасня адбылося першае пасяджэнне аргкамітэту па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэту з беларускай мовай навучання. У яго склад увайшлі старшыня ТБМ Алег Трусаў, намесцніа старшыні ТБМ Алена Анісім, сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, лідар “Руху за свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас, мастак Мікола Купава і шэраг іншых грамадскіх і палітычных дзеячоў Беларусі.

На пасяджэнні разглядалася сітуацыя з уваходжаннем Беларусі ў Балонскі працэс, становішча з дыскрымінацыяй беларускай мовы пры навучанні ў сістэме адукацыі Беларусі і ў сувязі з гэтым пытанне стварэння беларускамоўнага Нацыянальнага ўніверсітэту.

“Беларускія Хрысціянскія Дэмакраты за мінулы год праводзілі актыўную кампанію па далучэнні Беларусі да Балонскага працэсу і выкананні ёю ўмоў еўрапейскіх стандартаў адукацыі, у першую чаргу – права працаваць у вну недзяржаўных арганізацый, адмены прыгоннага размеркавання. І грамадзянская кампанія, і пазіцыя беларускага Балонскага камітэту паўплывалі на тое, што Беларусь прынялі з умовамі – з дарожнай мапай. Да 2018 года Беларусь павінна стандарты міжнароднага права ўнесці. Гэта дае нам шанец прымусіць улады сапраўды ўвесці еўрапейскія стандарты ў нашай сістэме адукацыі”, – адзначыў сустаршыня БХД.

Паводле яго, ідэя беларускага Нацыянальнага ўніверсітэту як ніколі актуальная ў Беларусі, калі ідзе знішчэнне беларускасці ва ўсіх навучальных установах дзіцячых садкоў і да акадэмічных колаў. “Гэтая ініцыятыва можа прынесці плён не толькі ў пашырэнні беларускай мовы, але таксама ўвесці новыя тэхналогіі і стандарты ў сістэму навучання Беларусі. Гэта шанец і для нашай моладзі, і для лепшых беларускіх выкладчыкаў, прадстаўнікоў акадэмічных колаў, якія выціскаюцца з дзяржаўных вну і іх патэнцыял застаецца нерэалізаваным у Беларусі”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

БХД будзе падтрымліваць гэту ініцыятыву па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэту. “Сістэма адукацыя ў Беларусі павінна быць нацыянальнай і еўрапейскай, гэта значыць канкурэнтназдольнай у сучасным свеце”, – дадаў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Болей навін