Беларускія палітыкі: Выбары без выбару — навошта ісці?

07 кастрычніка 2015 09:20  |  Галоўныя навіны

Беларускія палітыкі: Выбары без выбару — навошта ісці?

Многія вядомыя палітычныя дзеячы напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі заявілі пра свой намер адмовіцца ад удзелу ў палітычным дзействе. Карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO звярнуўся па тлумачэнні прычын няўдзелу ў выбарчай кампаніі да сустаршыні арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца.

«Выбараў у Беларусі няма. А як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма?» — задае рытарычнае пытанне Павел Севярынец.

«Раз на некалькі гадоў у нас арганізоўваецца спектакль, сцэна для якога — уся краіна. Мэта спектаклю — пераканаць частку народа і, калі гэта ўдасца, кагосьці з замежных чыноўнікаў, што ў нас законна выбранае дэмакратычнае кіраўніцтва», — дадае палітык.

«Але роўных умоваў для агітацыі няма. Палітычных супраціўнікаў кідаюць у турмы. Апазіцыянераў у выбарчых камісіях — 0,01%. 25-40% людзей пад прымусам гоняць галасаваць датэрмінова. Назіральнікам забаронена падыходзіць да стала падліку і нават карыстацца біноклямі. У пратаколах пішуць лічбы, спушчаныя з Адміністрацыі.
Што ж рабіць? Прынамсі — не ўдзельнічаць у злачынстве. Калі Бог даў смеласці – то ўскрыць падман ды апублікаваць факты», — мяркуе Павал Севярынец.

«Як выганяюць студэнтаў і дзяржслужачых на датэрміновае. Як у ноч з суботы на нядзелю падмяняюць бюлетэні ў скрынях. Як і дзе паляць сапраўдныя бюлетэні (бывае, кацельную на раёне пасля “выбараў” гадзінамі паперай топяць). Бог дасць нам уладу ў Беларусі толькі тады, калі мы самі будзем гатовыя не заплюшчваць вочы на зло і браць адказнасць за ўсю краіну», — рэзюмаваў сустаршыня аргкамітэта.

Болей навін