Віталь Рымашэўскі. Палітычная сацыялогія. Маніпуляцыя лічбамі

07 кастрычніка 2015 09:45  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі. Палітычная сацыялогія. Маніпуляцыя лічбамі

Ці варта давяраць вынікам беларускіх сацапытанняў? У нашай краіне гэтае пытанне становіцца асабліва актуальным падчас кожнай выбарчай кампаніі.

Вось і кампанія «выбары 2015» падыходзіць да канца. Вынік вядомы загадзя – Ярмошына агучыць патрэбныя працэнты. Ва ўмовах гарантаваных лічбаў ад ЦВК, галоўным у выбарчых кампаніях для каманды Лукашэнкі становіцца падтрыманне ўнутранай і міжнароднай легітымнасці і легальнасці (законнасці) дзеючай улады без рэальнага падліку галасоў. Уся прапагандысцкая машына і айчынная дыпламатыя працуе менавіта на гэтыя дзве мэты.

Успомнім, легітымнасць азначае прызнанне насельніцтвам дадзенай улады, яе права кіраваць. Легітымная ўлада прымаецца, а не проста навязваецца. Народ згаджаецца падпарадкоўвацца такой уладзе, лічачы яе справядлівай.

Легальнасць улады – юрыдычнае яе абгрунтаванне, яе законнасць, адпаведнасць існуючым у дзяржаве прававым нормам.

Нягледзячы на ўяўную бездакорнасць пастаноўкі адрэпеціраванага спектакля пад назвай «выбары», да гэтага часу беларускім уладам не без цяжкасцяў атрымоўваецца дасягаць пастаўленых мэтаў. Праблему ўнутры краіны дапамагаюць вырашыць дзяржаўныя СМІ, хоць з кожным годам пераконваць беларусаў, што галасы лічаць і ўлада сапраўды абіраецца на выбарах, становіцца ўсё цяжэй.

З міжнародным прызнаннем ўсё яшчэ складаней. Тут важна, каму менавіта давярае міжнародная дэмакратычная супольнасць.

Па-першае, інстытут, які заслугоўвае несумненнага даверу – АБСЕ (менавіта таму Прадстаўніцтва АБСЕ было выкінутае ўладамі з краіны). Па-другое, давяраюць дэмакратычным апазіцыйным палітычным партыям і няўрадавым арганізацыям.

Нагадаю, што юрыдычна выбары адбыліся, калі прагаласавала больш за 50% выбаршчыкаў. Ёсць розніца ў тым, прайшлі выбары з парушэннямі або яны ўвогуле не адбыліся. Ва ўмовах Беларусі дакументальна пацверджаную аўтарытэтнымі арганізацыямі адсутнасць яўкі выбаршчыкаў (байкот) прыводзіць да дэлегалізацыі ўлады. Зразумела, толькі ў тым выпадку, калі адрасаты (беларускія грамадзяне і міжнародная супольнасць) прыме дадзеныя назіральнікаў як дакладныя

Калі гаворка ідзе пра фіксацыю яўкі выбаршчыкаў на выбарах, то ў гэтым выпадку назіральнікі АБСЕ не могуць даць самастойных дадзеных, бо не маюць магчымасці фіксаваць яўку выбаршчыкаў. Гэта могуць доўгатэрміновыя незалежныя назіральнікі ад праваабаронцаў і грамадскіх кампаній назірання. АЛЕ! Тут на сцэну выходзіць яшчэ адзін гулец – незалежныя сацыёлагі. Праводзячы сацапытанні, яны таксама могуць ускосна сведчыць аб узроўні падтрымкі, аб яўцы выбаршчыкаў.

На жаль, ва ўмовах Беларусі незалежную сацыялогію аб выбарах прадастаўляе адзіная арганізацыя – НІСЭПД на чале з Алегам Манаевым. Варта адзначыць, што ўсе правадзімыя даследаванні зарэгістраваны ў Літве інстытут праводзіць нелегальна. Тым не менш, гэта не перашкаджае СМІ тыражаваць дадзеныя даследаванняў НІСЭПД і спасылацца на іх лічбы, як гэта адбылося ў 2010 годзе. Нагадаю, паводле дадзеных НІСЭПД Лукашэнка атрымаў 50 + 1% адсотак.

Гэта азначала, што Лукашэнка хоць і абраны з парушэннем закона, але цалкам легітымны, бо яго падтрымала большасць. Гэта азначала таксама і тое, што другога туру не павінна было быць, а значыць і вязні КДБ – ужо былыя кандыдаты.

Такім чынам, і беларускія грамадзяне, і міжнародная супольнасць атрымала пацверджанне ў легальнасці і легітымнасці дзеючай улады. Да гэтага часу міжнародная супольнасць не прызнае выбары ў нашай краіне дэмакратычнымі і законнымі па прычыне шматлікіх парушэнняў міжнародных стандартаў і беларускага закона. Аднак дэ-факта кіраванне Лукашэнкі прызнаецца легітымным (падтрымоўваным большасцю народа, што пацвярджаюць дадзеныя НІСЭПД).

Падабаюцца каму-небудзь вынікі даследаванняў, альбо не – факты рэч упартая. Вось толькі ці варта давяраць заявам спадара Манаева?

Асабіста для мяне вынікі, агучаныя Алегам Манаевым пасля выбарчай кампаніі 2012 года, перакрэслілі давер да заяваў НІСЭПД назаўжды. Нягледзячы на тое, што ў арганізацыі працуюць прафесіяналы, паважаныя мной людзі, падача вынікаў даследаванняў у СМІ перакрэслівае ўвесь прафесіяналізм сацыёлагаў.

Цяпер пяройдзем да фактаў.

Як вядома, многія дэмакратычныя арганізацыі ў 2012 годзе праводзілі кампанію байкоту выбараў. Правал яўкі выбаршчыкаў быў зафіксаваны сеткай незалежных назіральнікаў практычна па ўсёй краіне. Але паводле дадзеных НІСЭПД за ўсё ў галасаванні прыняло ўдзел 66,4%. Тут жа «правал байкоту» падхапілі ў сваіх публікацыях праўладныя і незалежныя аналітыкі і выданні.

Цяпер пытанне не ў тым, якая стратэгія правільная – байкот ці ўдзел. Заява Манаева засведчыла правал палітычнай кампаніі апазіцыі і фактычную законнасць абрання парламента ў цэлым.

Абурэнне і кіраўнікоў кампаніі назірання, і шараговых назіральнікаў было настолькі моцным, адсутнасць яўкі настолькі відавочнай, што праз два месяцы ў бюлетэні НІСЭПД з’явілася вось такое сціплае тлумачэнне:

«Працоўная міграцыя ў Беларусі складае ад 600 тыс. да 1 млн чалавек. Калі спісачная колькасць выбаршчыкаў у 7 млн чалавек, то фіксацыя яўкі назіральнікамі дасць яе вынік на 9-14% ніжэй у параўнанні з сацапытаннем, бо апошнія ахопліваюць рэспандэнтаў толькі на тэрыторыі краіны і ў іх выніках меркаванне працоўных мігрантаў, цалкам натуральна, не ўлічана». (снежань 2012 года).

Аказваецца, рэальная яўка САПРАЎДЫ БЫЛА ніжэй за 50% ад колькасці ўсіх выбаршчыкаў, проста ў сваіх публічных заявах спадар Манаеў забыўся гэта ўдакладніць. І вядома ж, ні кіраўнік НІСЭПД, ні аналітыкі і журналісты, якія растыражавалі яго ранейшыя заявы, не палічылі неабходным звярнуць увагу на гэты сціплы факт.

Зараз СМІ зноў мільгаюць загалоўкамі аб новых дадзеных апытанняў НІСЭПД. Але ці ёсць гарантыя, што і ў гэты раз, як у 2012 годзе, пасля гучных заяў з лічбамі праз некалькі месяцаў не будзе апублікаваная ціхая і непрыкметная папраўка да агучаных дадзеных? Папраўка, якая, па сутнасці, абвергне папярэднія заявы, але ўжо ні на што не паўплывае і таксама застанецца незаўважанай…

Болей навін