Таццяна Севярынец. Што гарантуе Гарант

15 кастрычніка 2015 11:22  |  Грамадства

Таццяна Севярынец. Што гарантуе Гарант

Памятаеце такі кранальны малюначак яшчэ з 2010 году з участака №1 у Менску: галасуе Прэзідэнт, маленькі тады яшчэ ягоны сынок Міколка прасоўвае ў дзірку скрыні бюлетэнь?

Усе віцебскія білеўцы, а ў Білева ( маладзёвы мікрараён Віцебска) малечы вельмі шмат, прыйшлі сёлета на ўчасткі з дзецьмі, якія набіваліся з мамкамі ў кабінкі, а потым урачыста, паднятыя бацькоўскімі рукамі, піхалі паперкі ў дзірку, а старэйшыя нават фатасесіі рабілі. Бацькі шчаслівыя –дзіця задаволенае. Але я гэта не пра тое, што парушаўся арт. №52,ч.3 Выбарчага заканадаўства—заўвагі я рабіла –зусім не пра тое.

Невялікі штрышок пра тое, як можна ў Беларусі зусім не лічыцца з Законам пастаўленым яго блюсці і ахоўваць чыноўнікам, не кажучы ўжо пра Галоўнага гаранта Канстытуцыі… Прыклад жа…

Той жа ўчастак №70 Першамайскага раёна Віцебска. 11-га кастрычніка. Старшыня камісіі Шамшура Валянціна раптам зрываецца са свайго месца, хапае нейкую тэчачку, кідаецца да маладой дзяўчынкі, тыцкае ёй гэтую тэчачку ў рукі са словамі: “ Вы першы раз галасуеце, вось вам падаруначак”. Я слупянею.(Прабачце, не сказала, што выбрала сабе гэты ўчастак для назірання). “ Валянціна Ўладзіміраўна, тое, што вы зрабілі, ёсць парушэнне артыкулу 9.10 адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Вас чакае альбо папярэджанне, альбо штраф да 15 базавых адзінак”. Тая хутка знаходзіцца: “Дык я ж пасля галасавання ёй уручыла?”- “Не мае значэння, скарга”. Паціскае плячыма—пішыце. Пішу. Адразу ў абласную пракуратуру. Ужо трэцюю ці чацвёртую за дзень—хапіла “ўражанняў”.

Пракуратура блюдзе субардынацыю, перасылае скаргу ў тэрытарыяльную камісію. І вось адказ старшыні Першамайскай раённай у Віцебску камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь М.В. Навіцкай: “Рассмотрев Вашу жалобу, сообщаем Вам следующее: решение о вручении канцелярских принадлежностей впервые участвующему в выборах избирателю принято НА ЗАСЕДАНИИ УЧАСТКОВОЙ КОМИССИИ (выдзелена мной) участка для голосования №70 Первомайского района г. Витебска (протокол №8 от 05.10.2015). Вручение происходило после осуществления избирателем процедуры голосования. Во исполнении ч.4ст.11 Избирательного Кодекса Республики Беларусь решение комиссии в пределах её полномочий, обязательно для исполнения.”

Во як! Участковая камісія, 15 чалавек, “нічтоже сумняшыся” перакрэслівае ці то проста плюе, а, можа, і не ведае, што складана ўявіць—людзі ж павінны быць дасведчанымі ў тым, чым яны збіраюцца займацца, у дадзеным выпадку-выбарамі, — махам адмятае адміністрацыйны Кодэкс…

Старшыня ж камісіі Шамшура Валянціна пасля маёй заўвагі сама парушыла “обязательное для исполнения решение комиссии”—трапіла, называецца,—больш нікому падаруначкаў не ўручала, хаця ўпершыню прагаласаваўшых хапала.

Хоць ты зноўку скаргу пішы: уручыла –парушыла заканадаўства, не ўручыла—парушыла рашэнне камісіі. Што ж вышэй: закон ці рашэнне нейкай участковай камісіі???

Драбяза паскудная. Але ці не з іх складаюцца нашыя прававыя адносіны з уладай? Ты, насельніцтва, Закон блюдзі, а мы, гаспадары, як захочам, так яго і закруцім. Указы вышэй за Канстытуцыю, рашэнне ўчастковай камісіі вышэй за Кодэкс, махлярства-норма. Застрашыць, прымусіць, задушыць, засудзіць, адабраць, падмануць, скрасці…

Што гарантуе нам новы стары Гарант?

Так і будзе?

Таццяна Севярынец

Болей навін