Сёння – 118-я ўгодкі з дня народзінаў Адама Станкевіча

06.01.2010, 17:57  |  Навіны, БХД

Адзін з заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Адам Станкевіч з’явіўся на свет 6 студзеня 1892 году (22 снежня 1891 году па старым стылі) ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету.

 

Адам Станкевіч вучыўся ў Ашмянскім гарадскім вучылішчы, скончыў духоўную семінарыю ў Вільні (1914), рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918).

 

Пасвячоны ў святары ў 1914 годзе. У час вучобы ў Петраградзе - старшыня беларускага гуртка, супрацоўнічаў з беларускім газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман». Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці (1917). Адзін з ініцыятараў правядзення і ўдзельнік з'езда беларускага каталіцкага духавенства (24-25.5.1917) у Мінску, дзе выступіў з рэфератам пра беларускі рух і яго адносіны да царквы на Беларусі. У 1917 адзін з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў у Дзісенскім, Браслаўскім паветах, Драгічыне, за што падвяргаўся ганенням з боку польскіх царкоўных улад. Кандыдат кананічнага права (1918). 3 1919 выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У жніўні 1919 — верасні 1922-га рэдактар-выдавец газеты «Крыніца». У 1922—28 дэпутат польскага Сейма, намеснік старшыні Беларускага пасольскага клуба (да яго расколу ў 1925-м); адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходне-беларускага насельніцтва. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».

 

Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У 1924—26 узначальваў Таварыства беларускай школы, быў старшынём і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК). У 1928—39 рэдактар і выдавец часопіса «Хрысціянская думка». Адзін з заснавальнікаў у Вільні беларускай друкарні імя Ф.Скарыны (1926—40), у якой выдадзена не менш за 146 назваў беларускіх рэлігійных і свецкіх кніг, Беларускага каталіцкага выдавецтва.

 

На IV з'ездзе БХД (снежань 1931) абраны членам ЦК партыі. Адстойваў асновы дэмакратычнага ладу, выступаў за эвалюцыйны шлях развіцця грамадства, легальныя формы барацьбы, адмоўна ставіўся да сацыялістычнай рэвалюцыі. Як прыхільнік незалежніцкіх поглядаў, прытрымліваўся тэорыі самабытнасці развіцця беларускай нацыі і абуджаў нацыянальную свядомасць беларусаў на аснове хрысціянскай этыкі і дэмакратычных прынцыпаў. Выступаў супраць сацыяльна-класавага падыходу ў дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), рэвалюцыйнага характару праграмы Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), згодніцтва паланафільскіх груповак. Асуджаў тэрор і ганенні заходне-беларускага насельніцтва з боку польскіх улад.

 

У 1933-м звольнены з Віленскай беларускай гімназіі, працаваў у гандлёвай школе імя С.Сташыца ў Вільні. Як прыхільнік беларусізацыі каталіцкай царквы вёў богаслужэнні на беларускай мове ў касцёле св. Мікалая ў Вільні. У 1938-м высланы польскай адміністрацыяй на 5 гадоў у Слонім. Восенню 1939-га вярнуўся ў Вільню і стаў дырэктарам беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Пасля перадачы Вільні і Віленшчыны Літве арганізаваў там Беларускі цэнтр, аднавіў выданне газеты «Крыніца».

 

У гады нацысцкай акупацыі абмяжоўваўся рэлігійнай працай у касцёле св. Міхала, дапамагаў ратаваць ад рабавання экспанаты Віленскага беларускага музея. Выдаў "Вучнёўскі малітаўнічак" і "Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу".

 

7.12.1944 году быў арыштаваны савецкімі органамі НКУС (неўзабаве адпушчаны). 13.4.1949-га арыштаваны другі раз, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. 31.8.1949-га Адмысловай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобл.), дзе памёр 29 лістападу 1949 году. Пахаваны на могілках Азярлага каля вёскі Шаўчэнкі Тайшэцкага раёну.

Навіны па тэме