27 верасьня 2011, 13:19 | Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца | Каментароў: 1 Версія для друку
МАЗ
Амэрыка – гэта натуралёва, "Форд", Нямеччына – "Мэрсэдэс", Японія – "Таёта". А Беларусь – гэта "МАЗ". “МАЗ” – нацыянальны ўзор машыны сусьветнае клясы. Не раскоша й нават ня сродак перасоўваньня – грузавік, які перавозіць будаўнічыя матар'ялы, кантэйнеры й фуры.
МАЗ – гэта цэлы горад у Менску. Заснаваны адразу пасьля вызваленьня 1944-га, МАЗ пачаў рабіць лепшыя грузавікі на прасторах былога СССР і Ўсходняе Эўропы. Сёньня “МАЗы” экспартуюцца ў 60 краінаў: зь імі Беларусь аб'езьдзіла ўвесь сьвет. Цяперашнія машыны “МАЗ-MAN” – адно з галоўных дасягненьняў беларускай індустрыі за ўсю яе гісторыю, шэдэўр "зборачнага цэху".
“МАЗ” – пераможца дзесяткаў эўрапейскіх аўтамабільных конкурсаў, выставаў і ралі. На міжнародных прэзэнтацыях і ў экспацэнтарах "за Беларусь" выстаўляецца менавіта МАЗ.
“МАЗ” – нават гучыць магутна, з ровам матору. “МАЗ” – значыць, “max”.
МАЗ, як і ўсякі беларус, бярэ на сябе максымальны цяжар. На базе МАЗу быў пабудаваны БелАЗ, канвэер гіганцкіх кар'ерных самазвалаў, Магілёўскі аўтазавод, што робіць лесавозы-скрэпэры. Сам МАЗ ад бартавых транспартаў і прычэпаў разьвіўся да поўнапрывадных грузавікоў, аўтацягнікоў, колавых цягачоў і вялізных аўтамабіляў-шасі. Але сапраўдны патрыятычны ўгар апаноўвае тады, калі даведваесься: парады стратэгічных ракетаў зь ядравымі баегалоўкамі, ад якіх шок і трапятаньне ахоплівае ўвесь сьвет, робяцца на МАЗаўскіх цягачах.
МАЗ нездарма – галоўнае прадпрыемства канцэрну "Белаўтамаз", якое ўключае магілёўскія, жодзінскія, барысаўскія прадпрыемствы й менскі Завод колавых цягачоў. Да МАЗу можна прылучаць прычэпам усё беларускае машынабудаваньне – выцягне.
“МАЗ” лёгка пазнаць на любое дарозе. У яго вельмі беларускае аблічча. Вялікагаловы, круталобы, з буйным маршчакаватым радыятарам, вялікімі, крыху прыхаванымі вачыма, такімі засяроджанымі й глыбокімі, і ёмістай прасторай кабіны за лабавым шклом – вось ён які, задуменны, шчыры працаўнік, добры сябра й сапраўдны бацька сямейства.
Большасьць “МАЗаў” возяць грузы за мяжой Беларусі, абслугоўваючы дзесяткі краінаў – зрэшты, як і большасьць беларусаў у нашае гісторыі. А значыць, “МАЗ” належыць да самых характэрных тыпажоў нацыянальнай ідэі.
Навіны па тэме:
Каментары
© 2005-2009 Аргкамітэт па стварэнню Партыі БХД. Пры выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт bchd.info абавязковая.
220123, г. Мінск, а/с 324, bchd.info@gmail.com














