Сёння пахаваюць ксяндза Ёзаса Бульку

11.01.2010, 10:57  |  Навіны, Грамадства

Ёзаса Бульку пахаваюць каля касьцёла ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласьці.

 

"Біскуп Віцебскай эпархіі рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Ўладзіслаў Блін даў дазвол на пахаваньне ксяндза Ёзаса Булькі каля касьцёла ў вёсцы Мосар. Не на могілках, а каля касьцёла хаваюць сьвятароў, якія маюць асаблівыя заслугі", - паведаміў адказны за СМІ пры сакратарыяце Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандр Амяльчэня.

 

Ён адзначыў, што "разьвітацца з ксяндзом Булькам і памаліцца прыйшлі тысячы вернікаў. У мінулыя суботу і нядзелю кожныя дзьве гадзіны з Глыбокага езьдзіў спэцыяльны аўтобус, які вазіў вернікаў у Мосар".

 

Плянуецца, што на пахаваньне Булькі ў Мосар прыедуць каталіцкія біскупы зь Беларусі, Літвы і Польшчы.

 

"Аб 11-й гадзіне уў касьцёле ў Мосары пройдзе адпяваньне ксяндза Булькі, службу адслужыць кардынал Казімір Свёнтэк, пропаведзь прачытае мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч", паведаміў Амяльчэня.

 

Ксёндз Ёзас Булька памёр 9 студзеня ў адным зь менскіх шпіталёў, пасьля апэрацыі на сэрцы.

Крыніца: "Интерфакс"

Навіны па тэме