Паводле факта крадзяжу асабістай маёмасці ў Дашкевіча распачата крымінальная справа

11.01.2010, 14:02  |  Навіны, Палітыка

Паводле факта крадзяжу маёмасці ў лідэра міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" Змітра Дашкевіча распачата крымінальная справа.

 

5 снежня 2009 года Дашкевіч павінен быў браць удзел у падпісанні пагаднення аб стварэнні маладзёжнай кааліцыі "Новае пакаленне". Калі палітык выйшаў са сваёй кватэры на Партызанскім праспекце ў Мінску, на яго напалі пяцёра невядомых. Дашкевіча, які не паспеў зачыніць дзверы ў кватэру, вывелі з пад'езда і, нацягнуўшы яму на галаву дзве шапкі, што закрылі вочы, забралі ў яго сумку з дакументамі і мабільны тэлефон, пасадзілі ў мікрааўтобус. Пяць з паловай гадзін яго вазілі ў аўтамабілі, пасля чаго пакінулі ў лесе непадалёк ад вёскі Антонаўка Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

 

Дабраўшыся да Менска, лідэр "Маладога фронту" адразу звярнуўся з заявай ва УУС Заводскага раёна.

 

Як паведаміў Дашкевіч, яму прыйшло паведамленне, што 14 снежня распачата справа на падставе часткі 2 артыкула 206 КК (рабаванне, учыненае групай асоб). Пры гэтым палітык зазначыў, што, нягледзячы на ўсе хадайніцтвы і заявы ў міліцыю і пракуратуру, яму прыйшло толькі паведамленне з міліцыі. Ніякіх адказаў з пракуратуры ён не атрымліваў.

 

"Дзіўна, што справа распачата паводле 206-га артыкула КК, а не паводле артыкула 182 (выкраданне чалавека). Думаю, што беларускія ўлады занепакоены хваляй грамадскага рэзанансу, які ўзняўся як унутры краіны, гэтак і на міжнароднай арэне. Каб хоць неяк адрэагаваць на рэзананс, міліцыя распачала крымінальную справу паводле факта рабавання, таму што распачынанне справы за выкраданне азначала б фактычнае прызнанне такіх інцыдэнтаў", — заявіў Дашкевіч.

 

Гэта не першае выкраданне маладзёжных актывістаў. 19 снежня 2008 года каля пад'езда свайго дома ў Менску быў выкрадзены адзін з лідэраў нефармальнай арганізацыі "Маладая Беларусь" Артур Фінькевіч. Яго пасадзілі ў машыну, збілі і выкінулі ў лесе пад Ракавам. 25 сакавіка 2009 года ў сталіцы невядомымі людзьмі былі схоплены намеснік старшыні "Маладога фронту" Анастасія Палажанка і член гэтай арганізацыі Дзяніс Карноў. Іх таксама вазілі па горадзе ў машыне, а затым адвезлі ў лес. Вечарам 27 лістапада 2009 года ў цэнтры Менска быў выкрадзены актывіст маладзёжнай апазіцыі Уладзімір Лемеш. Яго пасадзілі ў машыну без нумарных знакаў, нацягнулі на вочы шапку, надзелі наручнікі і вывезлі за горад. Яго пакінулі на адлегласці 500 метраў ад трасы Менск — Слуцк, 25 кіламетраў ад сталіцы, папярэдне адабраўшы мабільны тэлефон.

 

Ва ўсіх выпадках міліцыя не змагла знайсці тых, хто меў дачыненне да гэтых злачынстваў.

 

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме